Пад Салігорскам знайшлі "склад" з 150 тысяч бляшанак сапсаваных кансерваў
У Салігорскім раёне Камітэт дзяржкантролю выявіў "склад" сапсаваных кансерваў. У зямлю былі закапаныя больш за 147 тысяч бляшанак няякасных мясных кансерваў.
У чэрвені 2017 года Салігорскі міжраённы аддзел фінансавых расследаванняў атрымаў звесткі, што недзе ў раёне пахавалі вялікую партыю сапсаваных мясных кансерваў. Аператыўнікі пачалі шукаць месца пахавання і выяўляць службовых асобаў мясакамбіната, датычных да гэтага.
Следчым удалося знайсці хованку саспсаванай тушаніны, закапанай на глыбіні каля 8 метраў.
Праверка выявіла што бухгалтарскі ўлік прадпрыемства на першы погляд быў у абсалютным парадку. Але фінансавая міліцыя выявіла недастачу кансервавых бляшанак, якія выкарыстоўваюцца для вырабу тушаніны. Пасля гэтага спецыялісты сталі аналізаваць парадак вытворчасці, уліку і руху гатовай прадукцыі ды г.д.
Выявілася, што на мясакамбінаце прыдумалі схему, якая дазваляла некалькі гадоў не адлюстроўваць у дакументах недастачу прадукцыі і сыравіны. Перад гадавой інвентарызацыяй на прадпрыемстве афармлялі фіктыўныя дакументы, па якіх знішчаная прадукцыя адпраўлялася магілёўскай камерцыйнай арганізацыі. А пасля гэтага на прадпрыемстве ладзілі выраб няўлічанай прадукцыі наўзамен знішчанай.
Работнікі фінансавай міліцыі ўскрылі злачынны механізм і дакументальна зафіксавалі знішчэнне больш як 147 тысяч бляшанак мясных кансерваў.
На супрацоўнікаў мясакамбіната пачалі крымінальную справу за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.
Шкода ад злачынных дзеянняў ацэненая ў 297 тысяч рублёў.