Пад Смалявічамі бізнесовец застрэліў свайго крыўдзіцеля і закапаў у лесе
Гісторыя ў духу 90-х гадоў адбылася пад Смалявічамі.
Як піша прэс-служба Следчага камітэта, зранку 7 ліпеня жыхарка вёскі Волма Смалявіцкага раёна выявіла знікненне свайго 44-гадовага мужа. Жанчына звярнулася ў міліцыю.
Следчыя выявілі ў хаце сляды крыві і парушаную абстаноўку. Цела мужчыны знайшлі па слядах крыві недалёка ў лесапаласе. У яго была прастрэленая галава.
Следчыя выявілі, што мужчына пасварыўся з мясцовым 40-гадовым індывідуальным прадпрымальнікам. Ён нават звяртаўся ў міліцыю з заявай, каб бізнесоўца прыцягнулі да адказнасці. Той быў заўзятым паляўнічым і разумеў, што ў выніку ў яго могуць забраць зброю. Таму прадпрымальнік прасіў мужчыну адмовіцца ад прэтэнзій і нават пагражаў яму.
У ноч з 6 на 7 ліпеня бізнесовец купіў выпіўку і з трыма знаёмымі паехаў дадому да свайго апанента. Падчас выпіўкі мужчыны зноў пасварыліся, і вяскоўца збілі. Зранку 7 ліпеня яны вывезлі мужчыну ў лес і бізнесовец стрэліў свайму крыўдзіцелю з карабіна ў галаву.
Потым ён даручыў аднаму са знаёмых адцягнуць цела забітага ў лесапаласу і закапаць. Аўтамабіль са слядамі крыві быў вымыты на СТА, якая належыць бізнесоўцу. Пасля гэтага ён паехаў у напрамку Расіі. Аднак міліцыянты паспелі затрымаць і прадпрымальніка, і яго знаёмых.
40-гадоваму мужчыну выставілі абвінавачванне па п. 15 ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае групай асоб) Крымінальнага кодэкса. Ён узяты пад варту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.