Падаткавікі кожны месяц вылічваюць з пенсіі Гары Паганяйлы 200 рублёў

Гары Паганяйла / Еўрарадыё
Гары Паганяйла / Еўрарадыё

Ужо два месяцы запар у вядомага беларускага юрыста Гары Паганяйлы з пенсіі вылічваюць каля 200 рублёў. Гэта робіцца на патрабаванне падатковай інспекцыі, расказаў юрыст у інтэрв'ю "Народнай волі".

Паганяйла не згодны з прэтэнзіямі, але аспрэчыць іх не змог. Падчас ператрусаў у праваабарончым цэнтры "Вясна" аператыўнікі знайшлі нейкія дакументы, паводле якіх Паганяйла атрымаў у 2019 годзе 1600 еўра за назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. І не заплаціў з гэтай сумы падаходны падатак. Паперы, якія прад'явілі Паганяйлу, па яго словах, дакументамі "па сутнасці такімі не з'яўляюцца — скрыншоты з камп'ютараў, якія, мабыць, былі канфіскаваныя пры ператрусах у праваабаронцаў". Суд юрыст прайграў. Цяпер з усімі штрафнымі санкцыямі яму трэба заплаціць больш за 800 рублёў.

Паганяйла таксама расказаў журналістам, што цяпер ён не працуе. Праваабарончая арганізацыя, у якой ён працаваў, ліквідаваная. "Але я па-ранейшаму не адмаўляю людзям, якія да мяне звяртаюцца па юрыдычную дапамогу ў прыватным парадку. Натуральна, кансультую бяспплатна", — расказаў ён. Паганяйла жыве ў Беларусі і з'язджаць не плануе. "Супраць мяне таксама распачыналі крымінальную справу пасля падзей 2020 года, але я ўсё роўна вырашыў, што бегчы з роднай Беларусі не варта. І бегчы не буду", — дадаў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі