Падаткавікі РБ хочуць заканадаўча вызначаць, каму належаць "чаявыя"
У Беларусі хочуць браць падатак з чаявых
У беларускім заканадаўстве плануецца замацаваць паняцце "чаявых" і вызначыць, каму яны належаць. Ініцыятыва сыходзіць ад Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ).
Гэты тэрмін у заканадаўстве не вызначаны, скардзіцца дзяржаўнаму інфармагенцтву БЕЛТА начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Андрэй Кавалеўскі.
"Падатковая служба ў гэтым выпадку не зусім вітае вызначэнне "дарэнне", паколькі дарэнне прадугледжвае бязвыплатнасць. А калі вы прыйшлі ў кавярню, вас абслужылі, вам спадабалася кухня і абслугоўванне, вы пакінулі чаявыя — тут бязвыплатнасць не ўгледжваецца. Гэта ваша дадатковая плата", — тлумачыць Кавалеўскі.
Як вынікае са словаў Кавалеўскага, падаткавікі хочуць браць падатак яшчэ і з чаявых, таму імкнуцца вызначыць, каму яны належаць. "Вы ж пакідаеце іх ва ўстанове, дзе ёсць наёмныя работнікі — афіцыянты, кухары. Узнікае пытанне: гэтыя грошы належаць юрыдычнай асобе — уладальніку гэтай установы ці афіцыянту? Гэта патрабуе вызначэння", — заяўляе прадстаўнік падатковага ведамства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.