Падпалкоўнік запасу Валерый Сахашчык: добра, каб не называлі Піначэтам

Падпалкоўнік запасу Валерый Сахашчык: добра, каб не называлі Піначэтам

Падпалкоўнік запасу, былы камандзір 38-й брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады Валерый Сахашчык адказаў на пытанні Еўрарадыё. Ён удзельнічае у канферэнцыі "Новая Беларусь" у Вільні і разглядаецца як "міністр абароны" ці кіраўнік сілавога блоку ў "пераходным Кабінеце", які збіраюцца сфармаваць прадстаўнікі беларускага дэмакратычнага руху.

Сахашчык прызнаў, што атрымаў адпаведную прапанову. "Сілавы кампанент сфармаваць магчыма", — кажа ён. "Я хачу разумець, ці гэта можна рэалізаваць у рамках прававога поля, — працягвае Валерый Сахашчык. — Для мяне гэта прынцыпова важна. Ведаць, ці буду я валодаць інструментамі і механізмамі для рэалізацыі".

"Я катэгарычна супраць таго, каб беларус страляў у беларуса, — кажа ён. — Я, як чалавек (магчыма, я стану нейкай службовай асобай), прадпрыму ўсё, што залежыць ад мяне, каб да гэтай сітуацыі ніколі не дайшло... Але на сённяшні дзень людзей пазбавілі магчымасці мірна вырашаць пытанні. І гэта праблема... Трэба зноў стаць адным народам, адной нацыяй. Гэта мая мара".

Еўрарадыё запыталася ў Сахашчыка, як ён будзе рэагаваць, калі яго ў кулуарах будуць называць "Чэрчыль"? "Добра, каб не называлі Піначэтам", — засмяяўся ён.

У лютым 2022-га Валерый Сахашчык выступіў з відэазваротам да беларускіх вайскоўцаў, у якім заклікаў іх не ўдзельнічаць у расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі