Падрабязнасці "афшорнай справы": ад падаткавікоў схавалі мільёны долараў
Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантроля Беларусі распавёў падрабязнасці "афшорнай справы", пра якую стала вядома летам 2019-га. Мінская фірма аказвала паслугі па рэгістрацыі і абслугоўванні афшорных кампаній, а атрыманую выручку хавала ад падаткаабкладання.
Пра затрыманне кіруючага партнёра юрыдычнай фірмы "Калегія" Ігара Стуканава стала вядома ў жніўні. Сябе ён пазіцыянаваў як "вядучага спецыяліста ў сферы падатковага планавання і міжнароднага карпаратыўнага структуравання". "Галоўнага спецыяліста па афшорах" падазравалі ў дапамаганні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. КДК не згадвае прозвішча Стуканава, але, верагодна, гаворка ідзе менавіта пра яго справу.
У распаўсюджанай інфармацыі сцвярджаецца, што мінская фірма заніжала выручку на працягу некалькіх гадоў. У выніку адбылася нявыплата падаткаў у асабліва буйным памеры: у 2011-2018 гадах не менш за 3,5 млн. долараў. Высветлілася, што грошы паступалі на разліковыя рахункі падкантрольнай замежнай арганізацыі, зарэгістраванай у Гібралтары.
Па факце ўхілення ад выплаты падаткаў распачалі крымінальную справу. Падазраванымі па ёй прызналі двух чалавек — дырэктара і былога заснавальніка фірмы. Папярэдне была вызначана сума нявыплачанага падатку ў памеры 170 тысяч рублёў, і падазраваныя яе выплацілі. Сілавікі знайшлі валюту ў памеры 135 тысяч долараў у эквіваленце. На маёмасць падазраваных наклалі арышт.
Праваахоўнікі высветлілі асоб, якія карысталіся паслугамі мінскай фірмы. Дарэчы, яна абслугоўвала і рэгістравала не менш за паўтысячы кампаній-нерэзідэнтаў афшорных зон. Цяпер праходзіць праверка суб'ектаў гаспадарання, якія "засвяціліся" ў гэтай "афшорнай справе".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.