Падрабязнасці пра брастаўчаніна, затрыманага за наведванне палітычных судоў

Віталь Чопік 

Віталь Чопік  / Беларусь 4

Праваабаронцы Брэста расказалі падрабязнасці пра мужчыну, затрыманага за наведванне палітычных судоў. Яго завуць Віталь Чопік.

Напярэдадні стала вядома, што 40-гадовага брастаўчаніна пасадзілі ў СІЗА. Паводле МУС, "ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю аб сведках і прадстаўніках праваахоўных органаў", а потым перадаваў праваабаронцам. Яму інкрымінуюць "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", бо ўсе праваабарончыя арганізацыі рэжым Лукашэнкі залічыў у "экстрэмісты".

​Чопік наведваў палітычныя суды ў Брэсце цягам апошніх трох гадоў. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што хадзіць на адкрытыя суды — гэта не злачынства нават у цяперашняй Беларусі. Чопіка на судах заўважылі мясцовыя прапагандысты і спрабавалі задаваць пытанні на камеру.

Цікавіліся ім і сілавікі. 1 снежня 2021 года дома ў брастаўчаніна адбыўся ператрус. А ў верасні 2022-га яго затрымалі. Спачатку на яго склалі пратакол за "распаўсюд экстрэмізму" (арт. 19.11 КаАП), але выявілася, што ў мужчыны проста няма тэлефона, дзе маглі б быць нейкія "экстрэмісцкія матэрыялы". Тады на яго склалі пратакол па ўдзел у несанкцыянаванй акцыі (арт. 24.23 КаАП). Падставай стаў БЧБ-сцяг, прылеплены знутры скотчам да акна дома. Пры гэтым сам Чопік сцвярджаў, што сцяг з'явіўся ўжо пасля таго, як яго затрымалі і даставілі ў ІЧУ.

На пачатку сакавіка 2024 года брастаўчаніна зноў затрымалі. Як кажуць парваабаронцы, пасля затрымання яго дастаўлялі на хуткую са слядамі моцнага збіцця, а колер яго твару быў жоўтым, што можа сведчыць пра пашкоджанне печані ў выніку збіцця.

12 сакавіка мужчыну судзілі за нібыта непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі. Прадстаўнік ГУБАЗіК сказаў, што Чопік не адчыняў ім дзверы 20 хвілінаў, сам мужчына заяўляў, што адчыніў дзверы цягам адной хвіліны. Дома ў брастаўчаніна адбыўся ператрус па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне, кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі