Пагадненне Беларусь-ЕС пра танныя шэнгенскія візы падпішуць 8 студзеня
Падпісаць пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам плануецца сёння, 8 студзеня. Пра гэта піша TUT.by са спасылкай на прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску.
Пасля таго, як дакументы будуць ратыфікаваныя абодвума бакамі, шэнгенскія візы для беларусаў будуць каштаваць 35 еўра.
Нагадаем, што 2 лютага набудзе моц новы Візавы кодэкс ЕС. Згодна з ім, шэнгенскія візы для краін, з якімі у Еўрасаюза няма адпаведнай дамовы, будуць каштаваць 80 еўра. На жаль, беларусам таксама пэўны час давядзецца плаціць такі кошт за візы, бо да 2 лютага дакументы ратыфікаваць не паспеюць.
Беларускае МЗС прапаноўвала Еўрасаюзу "замарозіць" для беларусаў кошт на шэнгенскія візы на цяперашнім узроўні ў 60 еўра, пакуль пагадненні пра новы візавы рэжым не набудуць моц. ЕС гэтую прапанову не прыняў.
Пагадненне набудзе моц першага чысла другога месяца пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.