Палескія каўбасы, Уха-фэст, Свята агурка: гід па кулінарных фестывалях Беларусі
Фестывальны сезон у Беларусі ў самым разгары: “Рок за Баброў”, A-Fest, Freaky Summer Party — мерапрыемствы, якія ў хуткім часе пройдуць у Мінску. Але за межамі сталіцы таксама ёсць на што паглядець. А галоўнае, пакаштаваць! Еўрарадыё склала гід кулінарных фестываляў, дзе можна выпіць, закусіць ды проста даведацца, як адпачываюць у рэгіёнах.
“Мотальскія прысмакі”
“Пазайздросціць і Біг Мак смаку Мотальскіх прысмак!” — такім слоганам сустракае праграма кулінарнага фестывалю “Мотальскія прысмакі”.
Свята палескай самабытнасці, як яго называюць арганізатары, сёлета стане юбілейным — упершыню “прысмакі” прайшлі 10 гадоў таму. Гасцей чакаюць далікатэсы народнай кухні — мотальскія каўбасы і пірагі, прыгатаваныя па рэцэптах і тэхналогіях мінулых стагоддзяў. Будуць прадстаўлены традыцыйныя рэгіянальныя абрады, а на другі дзень наведвальнікам абяцаюць вялікі фестывальны стол з дэгустацыяй страў.
Дзе: аграгарадок Моталь, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Калі: 10–11 жніўня
Чаму варта наведаць:
Некалькі гадоў таму там былі мясныя Джаконда, ровар ды дракон. А чым здзівяць сёлета?
“Уха-фест”
Як не цяжка здагадацца па назве мепрапрыемства, прысвечана яно юшцы. Чакаюцца майстар-класы па яе прыгатаванні, конкурс на самую лепшую юшку ды спаборніцтвы на хуткаснае паяданне рыбных пельменяў. Фестываль на беразе Вілейскага водасховішча пройдзе ўжо трэці раз. Папярэднія збіралі па некалькі тысяч наведвальнікаў.
Дзе: Вілейка, Мінская вобласць
Калі: 17 жніўня
Чаму варта наведаць:
Можна пакаштаваць сапраўдную юшку, абмінуўшы працэс лоўлі рыбы і яе прыгатавання.
“Дзень агурка”
Калі паглядзець фотасправаздачы мінулых гадоў, то мерапрыемства хутчэй нагадвае “Дажынкі”: шэсці, тэатральныя пастаноўкі, канцэрты. Тым не менш на свяце збору ўраджаю кулінарны складнік прысутнічае: ярмарка ды майстар-класы ў падрыхтоўцы эксклюзіўных кулінарных страў і закатак з агуркоў.
Дзе: Шклоў, Магілёўская вобласць
Калі: 10 жніўня
Чаму варта наведаць:
“Пракачаць” скіл у падрыхтоўцы закатак, каб разбурыць бацькоўскую манаполію на слоікі з агуркамі.
“Вішнёвы фестываль”
Мерапрыемства у Глыбокім не пазыцыянуе сабе як кулінарны фестываль і таксама больш нагадвае “Дажынкі”. Аднак за чатыры дні, што праходзіць фэст, там можна будзе пакаштаваць і бліны, і пірагі з вішні (магчыма, нават штосьці алкагольнае).
Дзе: Глыбокае, Віцебская вобласць
Калі: 23–27 ліпеня (яшчэ можна паспець)
Чаму варта наведаць:
На зваротны шлях можна прыхапіць гадавы запас глыбоцкай згушчонкі.
***
Гэта не ўвесь спіс гастранамічных фэстаў Беларусі. Аднак многія з іх ці ўжо прайшлі (“Гаспадарчы сыр” у Слаўгарадзе), ці не адбудуцца ўвогуле, бо не з’яўляюцца штогадовымі (DranikFest у Магілёве, “Цукеркавы фэст” у гарадскім пасёлку Івянец, “Фестываль квасу” ў Лідзе, “Журавінавы фестываль” у Альманах).