Крэмль у ступары праз УСУ ў Курскай вобласці: што далей і якая роля Лукашэнкі

Новы паварот у вайне

Новы паварот у вайне / @rubanau_collage

Ваенная аперацыя УСУ ў Курскай вобласці працягваецца ўжо дзесяць дзён, і за гэты час Расія страціла кантроль амаль над сотняй населеных пунктаў. У Крамлі і сярод ваеннага кіраўніцтва назіраецца параліч кіраўнічых рашэнняў, што пагаршае сітуацыю. Украіна, нягледзячы на страты ў жывой сіле і тэхніцы, працягвае ўтрымліваць наступальную ініцыятыву і прасоўвацца ў рэгіёне.

Якая далейшая перспектыва гэтай аперацыі і якія доўгатэрміновыя наступствы яна можа мець для Расіі, Украіны і Беларусі? Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла з украінскімі ваеннымі экспертамі Аляксандрам Каваленкам і Міхаілам Самусем.


У што выльецца далейшае развіццё падзей у Курскай вобласці для Расіі і Украіны

Эксперты пагаджаюцца на тым, што ваенная аперацыя дапамагае Украіне ў ваенным канфлікце.

Міхаіл Самусь кажа, што УСУ працягнуць наступ у Курскай вобласці, асабліва ва ўмовах, калі расіяне не могуць стварыць дастатковую ваенную групоўку для процідзеяння.

"Я думаю, што ў наступныя тыдні будзе працягвацца аперацыя Узброеных сіл Украіны ў Курскай вобласці з фіксацыяй пэўных тэрыторый", — падкрэслівае эксперт.

Аляксандр Каваленка дапаўняе, што Украіна працягне захопліваць тэрыторыю Курскай вобласці. "Як мінімум у найбліжэйшыя адзін ці два тыдні максімум гэтае павелічэнне будзе. І я не выключаю, што агульная зона кантролю можа павялічыцца да паўтары тысячы квадратных кіламетраў.

Але працэс запаволення гэтага пашырэння відавочны. Ён звязаны з цэлым шэрагам фактараў, у першую чаргу з тым, што расійскія войскі нарошчваюць сваю прысутнасць у Курскай вобласці, яны цяпер туды перакідваюць сілы і сродкі.

<...> Чым большая тэрыторыя, кантраляваная сіламі абароны Украіны, тым яна патрабуе большага рэсурсу".

Што тычыцца магчымасцяў Расіі, то Міхаіл Самусь кажа, што перад Крамлём стаіць стратэгічная дылема.

"У прынцыпе, яна ўжо вырашаная, прычым найгоршым спосабам для расіян. Дылема палягае ў тым, каб прыняць рашэнне, ці спыніць наступ на Данбасе і паспрабаваць перакінуць дастаткова сіл у памеры дзвюх-трох дывізій у Курскую вобласць, <...> або падумаць пра працяг наступу на Данбасе і іншых напрамках, спрабуючы, наадварот, націснуць на ўкраінскія войскі, прымусіўшы іх спыніць наступ у Курскай вобласці. І выйсці з сітуацыі за кошт перанакіравання невялікіх рэзерваў.

Відавочна, быў абраны другі варыянт. <...> Гэта найгоршы варыянт, на які маглі разлічваць расіяне. Але ў Пуціна няма іншага выйсця, бо яго стратэгічная мэта — акупаваць Данбас да канца гэтага года для таго, каб стварыць моцныя пазіцыі ў перамовах з новым прэзідэнтам Злучаных Штатаў і магчымых перамовах з прэзідэнтам Зяленскім. Таму ён не можа адмовіцца ад стратэгічнай мэты і спрабуе выйсці з сітуацыі малой крывёю", — падкрэслівае ваенны аналітык.
 

Ці варта чакаць мабілізацыі ў Расіі найбліжэйшым часам? І ці здольная яна купіраваць прарыў у Курскай вобласці?

Мабілізацыя практычна непазбежная, аднак яе станоўчыя і негатыўныя бакі для пуцінскага рэжыму пакуль складана прадбачыць.

"Ёсць інфармацыя, што нібыта тэхніка перадаецца з дзейных падраздзяленняў. Пра што гэта кажа? У 2022 годзе Беларусь была першай краінай, якая перадавала Расіі тэхніку са сваіх складоў і арсеналаў. І гэта было абумоўлена тым, што Расія разлічвала на хуткую перамогу. А атрымалася не зусім так. І яе ваенна-прамысловы комплекс яшчэ не быў гатовы кампенсаваць страты, якія яна несла кожны месяц ва Украіне. Ёй трэба было нешта гатовае, што працуе — прычым вельмі хутка. Беларусь гэта дала. І калі цяпер гэта папаўненне ідзе з баявых падраздзяленняў, значыць, склады і арсеналы за 2022 год у Беларусі былі спустошаныя. Там нічога няма".

І калі папаўненне патрэб у тэхніцы адбываецца за кошт дзейных ваенных падраздзяленняў, то гэта сведчыць пра паслабленне магчымасцяў беларускага войска ў перспектыве.

"Кожны дзень у зоне баявых дзеянняў знішчаецца ў сярэднім недзе да 10 расійскіх танкаў. Гэта сярэдні паказчык. <...> То-бок на працягу месяца Расія стабільна павінна кампенсаваць страты ад 250 да 300 і больш танкаў.

Ці можа гэта кампенсаваць Беларусь? Не. На працягу месяца — так, у нейкай ступені яны могуць гэта кампенсаваць па танках, па БМП, па артылерыі. Але нядоўга, бо сама беларуская армія не гумавая. Яе не хопіць на тое, каб кожны месяц падтрымліваць расійскую".

Міхаіл Самусь скептычна ўспрымае магчымасць тэхнічнай дапамогі Расіі з боку Беларусі.

"Я памятаю, што ў 2022-м годзе беларусы перадалі [Расіі] практычна ўсё, што ў іх было на складах. Калі цяпер яны будуць нешта перадаваць, то гэта фактычна са складу ўжо воінскіх часцей. Гэта значыць, яны свае воінскія часці раззброяць і перададуць зброю расіянам. У выніку ўзброеныя сілы Беларусі наогул страцяць баяздольнасць. Такое таксама можа быць. Але я не думаю, што ў Лукашэнкі <...> засталіся нейкія значныя запасы, тысячы танкаў або нечага такога. Можа, некалькі дзясяткаў бронетэхнікі <...>. Але я не думаю, што гэта нейкія велізарныя запасы".

Адзінае, на што яшчэ здольны беларускі рэжым — гэта ваяваць на інфармацыйным фронце за лаяльнасць Крамля.

"Бо літаральна два тыдні таму ў расійскай інфармацыйнай прасторы было папулярнае меркаванне, што Лукашэнка ім [Расіі] здрадзіў, што адвёў войскі ад Украіны. <...> І таму Лукашэнка робіць нейкія запэўніванні ў тым, што ён не здраднік. Для Украіны гэта абсалютна нічога не значыць. Яго заявы, як і прапаганда, абсалютна не працуюць", — падсумоўвае Самусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі