Паліцыя затрымала старшыню арганізацыі, якая выдала грузавік беларускім турыстам
Нацыянальная паліцыя Украіны затрымала старшыню федэрацыі рафтынгу Прыкарпацця. Гэтая грамадская арганізацыя дазволіла перавозкі грузавіком, які напярэдадні зваліўся з абрыву ў раку з 23 беларускімі турыстамі. Пра затрыманне піша "Украінская праўда" са словаў прэс-сакратара Нацпаліцыі Яраслава Тракалы.
"52-гадовы кіраўнік ГА "Федэрацыя рафтынгу Прыкарпацця" затрыманы ў парадку арт. 208 КПК Украіны. Пачата дасудовае расследаванне паводле арт.287 Крымінальнага кодэкса Украіны", — паведаміў ён. Тракала патлумачыў, што крымінальная справа пачатая за выпуск у эксплуатацыю тэхнічна няспраўных транспартных сродкаў або іншае парушэнне іх эксплуатацыі.
8 траўня, дадаў прадстаўнік Нацпаліцыі, суд разгледзіць меру стрымання затрыманаму раней кіроўцу аўтамабіля.
Нагадаем, што 6 траўня ў Карпатах у раку з 40-метровай вышыні зваліўся грузавік з 23 беларускімі турыстамі. Трое з іх загінулі, дзесяць атрымалі разнастайныя траўмы.