Паліцыю Каталоніі падпарадкавалі Іспаніі перад рэферэндумам аб незалежнасці
Аўтаномная паліцыя Каталоніі пераведзеная пад непасрэднае кіраванне МУС Іспаніі. Такое рашэнне ўрад краіны прыняў за 8 дзён да рэферэндуму аб незалежнасці, які хочуць правесці ў рэгіёне, паведамляюць замежныя СМІ.
Цяпер усе структуры, якія адказваюць за падтрыманне грамадскага парадку на тэрыторыі Каталоніі, апынуліся ў непасрэдным падпарадкаванні ў Мадрыда.
Каталонія прызначыла на 1 кастрычніка правядзенне рэферэндуму аб незалежнасці. Іспанскія ўлады абвясцілі яго незаконным. За падрыхтоўку да яго затрымалі 10 высокапастаўленых чыноўнікаў у аўтаноміі, канфіскаваныя некалькі мільёнаў бюлетэняў для галасавання.
У Барселоне прайшлі масавыя акцыі ў падтрымку рэферэндума і супраць затрымання чыноўнікаў, якія яго рыхтуюць.
У 2014 годзе ў Каталоніі ўжо ладзілі рэферэндум аб незалежнасці ад Іспаніі. Тады гэтую ідэю падтрымала каля 80 адсоткаў удзельнікаў галасавання (усяго ў ім удзельнічала крыху болей за 33% жыхароў аўтаноміі, якія маюць права голасу).