Палітолаг: Тэракты ў Баварыі нагадваюць радыкальныя напады ў Ізраілі
Увечары 24 ліпеня ў нямецкім Ансбаху (Баварыя) ля ўвахода ў бар адбываецца выбух. Адзінай яго ахвярай робіцца сам падрыўнік. Параніла, паводле апошніх звестак, 12 чалавек.
Міністр унутраных справаў Баварыі Ёахім Герман паведамляе, што мужчынам, які прывёў у дзеянне выбуховае прыстасаванне, быў 27-гадовы сірыец, які прыехаў у Германію два гады таму. Год таму яго прашэнне аб прытулку было адхіленае.
Улады Баварыі не адмаўляюць ісламісцкага падтэксту таго, што адбылося.
Гэты інцыдэнт — ужо трэці такі на тэрыторыі Германіі за некалькі дзён.
Увечары 22 ліпеня дзевяць чалавек загінулі ў выніку страляніны ў гандлёвым цэнтры “Алімпія” Мюнхена, 35 атрымалі раненні (4 — у выніку страляніны, 31 — праз паніку). Нападнік быў паранены паліцыяй, а пазней скончыў жыццё самагубствам.
Па звестках праваахоўнікаў, яму было 18 гадоў і раней хлопец не быў вядомы паліцыі, меў падвоенае, нямецкае і іранскае, грамадзянства.
Жыхары Мюнхена, якія апынуліся ў момант нападу ўзброеных людзей ля гандлёвага цэнтра, паведамляюць, што злачынца падчас стральбы крычаў абразы ў адрас мігрантаў, мэтанакіравана цэліўся ў дзяцей.
Яшчэ адзін напад адбыўся ўвечары 18 ліпеня ў цягніку недалёка ад Вюрцбурга (Баварыя, Германія). Нападнік быў узброены нажом і сякерай і нанёс небяспечныя для жыцця траўмы пяці пасажырам, стан двух з іх лекары ацэньваюць як крытычны. Па словах відавочцаў, мужчына напаў на людзей з воклічамі “Алах Акбар!”. Паліцыя застрэліла нападніка падчас спробы ўцячы.
Ім аказаўся 17-гадовы пакістанскі ўцякач Рыаз Хан Ахмадзаі, які прыбыў у Германію ў 15-гадовым узросце без суправаджэння дарослых. Апошнія два тыдні перад нападам ён жыў у патранатнай сям’і ў Оксенфурце. У пакоі нападніка быў знойдзены намаляваны ад рукі сцяг “Ісламскай дзяржавы”.
Па словах прадстаўнікоў следчай групы, злачынца здзейсніў тэракт, жадаючы адпомсціць “няверным”, якія чыняць пакуты братам па веры. Адказнасць за злачынства ўзяла на сябе “Ісламская дзяржава”.
Падобны тэракт адбыўся 14 ліпеня на набярэжнай Ніцы ў Францыі. 31-гадовы выхадзец з Туніса Махамед Лаўаеж-Булель на грузавіку ўрэзаўся ў натоўп людзей, якія назіралі за салютам у гонар Дня ўзяцця Бастыліі. Загінулі 84 чалавекі, звыш 300 паранена, сярод загінулых — 11 дзяцей. Нападнік быў застрэлены паліцыяй. Адказнасць за тое, што адбылося, узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя “Ісламская дзяржава”.
Тэрарыст з 2005 года жыў у Ніцы, меў у Францыі від на жыхарства, працаваў кіроўцам у службе дастаўкі. У праваахоўных органаў не было ніякай інфармацыі пра тое, што Махамед прытрымліваўся радыкальных поглядаў, ды і яго бацька сведчыў пра тое ж: “Ён не маліўся і не трымаў пост у Рамадан, піў алкаголь і нават ужываў наркотыкі”.
Ці прынцыпова адрозніваюцца гэтыя тэракты ад тых, якія адбываліся ў Бруселі і Парыжы?
Палітолаг Дзяніс Мельянцоў тлумачыць, што агульнае ў гэтых тэрактах — ісламскі фундаменталізм. Але тэракты ў Парыжы і Баварыі прынцыпова адрозніваюцца тэхнікай. Калі ў Францыі гэта былі акуратна спланаваныя дзеянні, накіраваныя на тое, каб мацней націснуць на французскі ўрад, то ў Германіі яны носяць спарадычны характар.
“Гэтыя тэракты апошняга часу, якія адбываліся ў Ніцы і цяпер у Германіі, падобныя на тое, што адбываецца ў Ізраілі. Калі сярод мусульманскага насельніцтва абвяшчаецца варажнеча супраць грамадзян Ізраіля і яны проста з нажамі нападаюць на мінакоў на вуліцах”, — кажа палітолаг.
Галоўная задача гэтых тэрактаў — не паўплываць на ўрад, а проста пасеяць хаос і жах сярод людзей. І, гледзячы на рэакцыю ў медыя, у іх атрымліваецца гэта рабіць.
Прычына таго, што тэракты, якія адбыліся ў Парыжы і Бруселі, былі здзейсненыя грамадзянамі, якія ўжо цягам двух пакаленняў жывуць у гэтых краінах, — у кепскай сістэме інтэграцыі мігрантаў. Відавочна, што ў Германіі яна лепшая:
“Мігранты, якія доўгі час жывуць у Германіі, маюць уласных дзяцей і пашпарты. Яны нашмат больш зацікаўленыя ў тым, каб заставацца грамадзянамі Германіі. Яны больш інтэграваныя, адпаведна, сярод іх такой радыкалізацыі назіраецца менш”, — выказвае меркаванне Мельянцоў.
На пытанне, ці варта чакаць лавінападобнага павелічэння такіх тэрактаў у Германіі, палітолаг тлумачыць, што вельмі складана прадказаць намеры адзіночак. Але праблема тамтэйшых праваахоўнікаў у тым, што яны неахвотна прызнаюць фундаменталісцкі характар гэтых злачынстваў. Гэта прымусіла б іх пачаць працаваць з гэтай праблемай інакш. Як, да прыкладу, гэта робіцца ў Ізраілі. Замоўчванне ўладамі сапраўдных матываў такіх злачынстваў будзе толькі падбухторваць тэрарыстаў да паўтарэння.