Палітолаг: У выніку адмены дэкрэта №3 выйграюць усе, акрамя Лукашэнкі
У выніку адмены дэкрэта №3 выйграюць і апазіцыя, і рэжым, і беларусы, не ангажаваныя ў палітычным жыцці краіны. Страты гэты крок нанясе толькі іміджу Аляксандра Лукашэнкі — так лічыць палітолаг Юрый Чавусаў, сябра рады часопіса "Палітычная сфера".
"Ад адмены гэтага дэкрэта выйгралі ў Беларусі ўсе, — распавёў Чавусаў у эфіры Еўрарадыё. — Выйграла падатковая інспекцыя, якая перастала займацца "дармаедамі". Выйграў у шырокім сэнсе рэжым, бо ў пэўнай ступені ўсё ж такі выбіў з рук апазіцыі козыр, дзякуючы якому, яна збірала на вуліцах людзей, якія звычайна на апазіцыйныя мітынгі не ходзяць. Выйграла апазіцыя, таму што ёсць канкрэтная перамога. Мне нават складана сказаць, калі яшчэ падобнага кшталту грамадска значны поспех быў зафіксаваны. Так, вядома, была перамога ў Курапатах, але гэта ўсё ж такі ў рэчышчы ідэалагічнай барацьбы за нацыянальную спадчыну. А вось тут канкрэтна — дасягнутая перамога ў сацыяльна-эканамічнай сферы. Выйгралі грамадзяне, якія не будуць плаціць гэты вельмі дзіўны і, скажам так, эканамічна не абгрунтаваны збор".
Прайграў толькі адзін чалавек — Аляксандр Лукашэнка, які, так ці інакш, нехаця, але прызнаў сваю паразу. Так, ён цяпер спрабуе перакласці адказнасць на падначаленых — маўляў, баяры дрэнныя, а цар добры. Але ж усе ўсё разумеюць! Усе ведаюць, хто падпісаў дэкрэт і хто быў яго ініцыятарам. Калі б гэта быў проста радок у Падатковым кодэксе, што прайшоў праз парламент, негатыў не быў бы так сфакусаваны на кіраўніку Беларусі.
Юрый Чавусаў мяркуе, што неўзабаве беларусаў чакаюць іншыя захады па павышэнні падатковай нагрузкі.