Палітолагі: У гібрыднай вайне ва Украіне перамір’е таксама гібрыднае
Еўрарадыё высвятляе, да чаго могуць прывесці чарговыя перамовы па Украіне ў нармандскім фармаце.
Кіраўнікі МЗС краін “нармандскай чацвёркі” збяруцца 13 красавіка ў Берліне, каб абмеркаваць рэалізацыю мінскіх пагадненняў. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка яшчэ 8 красавіка заявіў, што на перамовах “чацвёркі” ў нямецкай сталіцы міністры замежных спраў будуць абмяркоўваць пытанні ўвядзення міратворчага кантынгенту, паведамляе УНІАН.
“На сённяшні дзень усе разумеюць, што пытанне міратворцаў з’яўляецца найбольш эфектыўным спосабам дээскалацыі канфлікту. Падкрэсліваю: не замарожвання, а дээскалацыі”, — адзначыў Парашэнка.
Украінскі палітолаг Яўген Магда адзначае, што пасля перамоў у Мінску колькасць ахвяр значна паменшылася. А гэта ўжо вялікае дасягненне. Аднак разам з гэтым дадае, што ў “гібрыднай вайне” перамір’е таксама гібрыднае, і абодва бакі выконваюць яго так, як лічаць патрэбным.
“Калі ўкраінскі бок звязаны міжнароднымі абавязкамі, як суб’ект міжнароднага права, то самаабвешчаныя рэспублікі ніякім правам не звязаныя. І яны дзейнічаюць так, як лічаць патрэбным, у лепшым выпадку, мінімальна трымаючы правілы палітычнай прыстойнасці і часткова трымаючы перамір’е”.
Яўген Магда мяркуе, што ніякага прарыву ад будучых перамоваў чакаць не варта, бо расійскі бок не пагадзіцца на ўвод міжнародных міратворцаў.
“Расія гэтага не хоча, бо разумее, што міратворцы будуць спыняць узброеныя правакацыі, у тым ліку, агнём. А калі міратворцы будуць уведзеныя і на украінска-расійскую мяжу, самаабвешчаныя рэспублікі хутка скончаць сваё існаванне, бо іх марыянетачны характар не для каго не з’яўляецца сакрэтам”.
Але хоць перамовы і носяць трывіяльны характар, пакуль яны адбываюцца, баявыя дзеянні не актывізуюцца. І ў гэтым іх сэнс, рэзюмуе палітолаг.
Эксперт, палітолаг Інстытута міжнародных спраў Польшчы Пётр Касцінскі кажа, што канфлікт на ўсходзе Украіны можа цягнуцца вельмі доўга, і для яго дээскалацыі такія перамовы праводзіць неабходна. Але разам з гэтым, эксперт не бачыць магчымасці для прыняцця неўзабаве якіх-небудзь значных рашэнняў.
“Я не спадзяюся, што будуць прынятыя значныя рашэнні. Хутчэй за ўсё, будуць здзейсненыя невялікія крокі ў бок дасягнення міру, да спынення агню, каб нарэшце перасталі гінуць людзі”, — мяркуе Касцінскі.
Нагадаем, што роўна год таму, 13 красавіка 2014 года, улады Украіны афіцыйна пачалі антытэрарыстычную аперацыю на ўсходзе краіны.
У сярэдзіне лютага было абвешчана перамір’е і пачаўся адвод цяжкіх узбраенняў. Неўзабаве пасля абвяшчэння перамір’я пачаліся перастрэлкі. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэнні “рэжыму цішыні” і заяўляюць, што вядуць агонь толькі ў адказ.
Па апошніх дадзеных ААН, ахвярамі канфлікту на ўсходзе Украіны сталі больш за 6 тысяч чалавек.
Намеснік кіраўніка спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ Аляксандр Хуг у інтэрв’ю нямецкай кампаніі “n-tv” распавёў, што парушэнні рэжыму спынення агню цяпер у асноўным адбываюцца на ўсходзе ад Марыўпаля і вакол данецкага аэрапорта.
“Абодва бакі пры гэтым выкарыстоўваюць узбраенні калібрам больш за 100 міліметраў, якія, згодна з мінскімі пагадненнямі, там зусім не мусяць знаходзіцца. Такім чынам, можна сказаць, што вывад цяжкіх ўзбраенняў да гэтага часу не завершаны”.
Хуг распавёў таксама, што сепаратысты не дапускаюць назіральнікаў у раёны ля мяжы з Расіяй. “Там, як мы мяркуем, размяшчаецца пастаянная лагістычная база, якая забяспечвае сепаратыстаў”, — заявіў Хуг.
А 12 красавіка з 09.35 да 15.00 місія АБСЕ зарэгістравала 1166 выбухаў у раёне Данецка. Назіральнікі заявілі, што ў ходзе сутыкненняў абодва бакі канфлікту выкарыстоўвалі зброю калібрам больш за 100 мм, паведамляе сайт АБСЕ.
Фота: novostimira.net, PAP/Paweł Supernak, Євген Магда/Facebook