Палітвязня хірурга Андрэя Любецкага перавялі ў Бабруйскую калонію
Андрэй Любецкі / "Наша Ніва"
Сківічнага хірурга і палітвязня Андрэя Любецкага перавялі ў Бабруйскую калонію, паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на родных доктара. Яго этапавалі яшчэ 15 ліпеня. Пра гэта стала вядома з ліста Любецкага сястры.
"За доўгі час магу цяпер бачыць неба ў клетачку! Усім прывітанне!" — напісаў ён.
Андрэя Любецкага яшчэ ў сярэдзіне красавіка асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Доктара абвінавачвалі па чатырох артыкулах КК: "Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ст. 342); "Распальванне сацыяльнай варожасці" (арт. 130); "Абраза прадстаўніка ўлады" (арт. 369 ) і "Абраза прэзідэнта" ( арт. 368).
Андрэй Любецкі лічыўся адным з найлепшых сківічна-тваравых хірургаў Беларусі, 8 гадоў адпрацаваў у 4-й дзіцячай бальніцы Мінска. У 2020 годзе валанцёрыў пад Акрэсціна. Яго жонка стаматолаг Наталля Любецкая з чатырма дзецьмі вымушаная была з'ехаць за мяжу. Яе таксама затрымлівалі — дзяржаўныя тэлеканалы прадстаўлялі яе як "пасыльную Ігара Макара".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.