Палітзняволеных супрацоўнікаў БелаПАН абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў
Ірына Леўшына, Кацярына Баева, Дзмітрый Наважылаў
Следчы камітэт праверыў дзейнасць інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і выявіў, што "ў перыяд з чэрвеня 2018 па студзень 2021 года ўносіліся ў падатковую справаздачнасць загадзя ілжывыя звесткі, што пацягнула нявыплату ў бюджэт Рэспублікі Беларусь падаткаў на агульную суму звыш 100 тысяч рублёў".
У паведамленні СК таксама сказана, што ў дачыненні да Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыны Леўшынай, а таксама іншых асоб распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Названыя асобы ўтрымліваюцца пад вартай.
Нагадаем, супрацоўнікі агенцтва БелаПАН былі затрыманыя 18 жніўня 2021 года. Тады ў офісе і дома ў супрацоўнікаў прайшлі ператрусы. Ператрусы, як пазней удакладнілі ў Следчым камітэце, адбываліся ў межах крымінальнай справы аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).
Затрыманне супрацоўнікаў інфармагенцтва БелаПАН пракаментавала знешнепалітычная служба Еўрасаюза. Яна заклікала ўлады Беларусі вызваліць супрацоўнікаў БелаПАН і дзясяткі іншых журналістаў.
Праваабаронцы расцанілі ператрусы ў БелаПАН і затрыманне яго супрацоўнікаў "працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюджвання непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова" і прызналі затрыманых палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.