Палякі намалявалі на электрычцы мапу Польшчы з гарадамі Беларусі
На польскіх электрычках з'явілася даваенная мапа краіны — з часткай тэрыторыі Беларусі, Украіны, Літвы. Пра гэта напісаў карыстальнік Фэйсбуку Саша Кам'яхоў. Ён ахарактарызаваў гэта як "Еўрасаюз з блэкджэкам і крэсамі".
Такімі малюнкамі былі ўпрыгожаныя вагоны цягніка на маршруце Жэшуў — Пшэмысл. На адным з вагонаў быў намаляваны маршал Юзэф Пілсудскі і салдаты польскага войска. А на іншых — мапа Польшчы да 1939 года. У межах Польшчы пазначаныя сучасныя беларускія, украінскія і літоўскія тэрыторыі.
З беларускіх гарадоў на фатаграфіі бачныя Ліда, Ашмяны, Вілейка. Яшчэ некалькі гарадоў — Гродна, Навагрудак і Ваўкавыск — трапляюць на акно вагона. З украінскіх гарадоў пазначаныя, напрыклад, Львоў і Роўна, з літоўскіх — Вільня.
Нагадаем, што ў 1921-1939 гадах Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.