Памежнікі Латвіі і Літвы за суткі вярнулі ў Беларусь больш за 110 мігрантаў

Мігранты на латвійска-беларускай мяжы / Reuters
Мігранты на латвійска-беларускай мяжы / Reuters

Больш за 110 нелегальных мігрантаў вярнулі ў Беларусь за мінулыя суткі памежнікі Латвіі і Літвы. Літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) паведаміла пра паўсотні беспаспяховых спробаў перасекчы мяжу. Латвійскія памежнікі кажуць пра 62 такія спробы.

Прычым у Літве зафіксаваныя выпадкі, калі памежнікі на розных участках мяжы затрымліваюць адных і тых жа асоб. Гэта значыць, што пасля няўдалай спробы трапіць на тэрыторыю ЕС людзі спрабуюць перайсці мяжу зноў, але ўжо ў іншым месцы. Пра гэта паведамляе агенцтва Delfi.

Напярэдадні ў інтэрв'ю расійскаму вяшчанню LTV7 кіраўнік латвійскага ўрада Крыш'яніс Карыньш назваў тое, што адбываецца на латвійска-беларускай мяжы, "актыўнай гібрыднай вайной, якую беларускі рэжым вядзе супраць ЕС — канкрэтна супраць краін Балтыі і Польшчы".

Пры гэтым ён заўважыў, што, калі ў грамадзян, якія прылятаюць у Беларусь з краін Блізкага Усходу і Афрыкі ў якасці турыстаў, а затым ідуць у Латвію і Літву, ёсць скаргі на жыццё ў сваёй краіне, "то ў іх ёсць усе правы папрасіць прытулак у краіне, куды яны прыляцелі — то бок у Беларусі".

Пограничники Латвии и Литвы за сутки вернули в Беларусь более 110 мигрантов
Крыш'яніс Карыньш / БЕЛТА

З вясны плынь нелегальных мігрантаў у Літву, а затым і ў Латвію адчувальна ўзрасла. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пасля ўвядзення санкцый у яго няма грошай стрымліваць плыні мігрантаў. Адначасова былі адкрытыя некалькі рэгулярных рэйсаў з Ірака ў Беларусь. У прыбалтыйскіх краінах мяркуюць, што беларускія ўлады датычныя да стварэння крызісу на мяжы.

У сувязі з наплывам мігрантаў Латвія і Літва ўвялі на сваіх межах рэжым надзвычайнага становішча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі