Памёр аўтар "Белавежскай пушчы", савецкі паэт-песеннік Мікалай Дабранраваў
Мікалай Дабранраваў і Аляксандра Пахмутава
Паэт-песеннік Мікалай Дабранраваў памёр на 95-м годзе жыцця. У суаўтарстве са сваёй жонкай, кампазітаркай Аляксандрай Пахмутавай ён напісаў некалькі песень, якія сталі вельмі папулярнымі ў СССР: "Главное, ребята, сердцем не стареть", "И вновь продолжается бой", "Как молоды мы были", "Надежда", "Трус не играет в хоккей" і іншых.
На вершы Дабранравава Пахмутава напісала песню "Беловежская пуща" — адзін з вялікіх хітоў "Песняроў".
Пра смерць Дабранравава паведаміла журналістка Кацярына Раждзественская. "Кольечка пайшоў, Дабранраваў. Прабачце ўжо, але для мяне — Колечка. Ведала яго з дзяцінства, любіла, часта бывалі яны ў нас і мы ў іх на Камсамольскім праспекце", — напісала яна ў сацсетках.
Па дадзеных расійскіх СМІ, прычынай смерці стала цяжкая і працяглая хвароба.
Мікалай Дабранраваў нарадзіўся 22 лістапада 1928 года. У 1956 годзе ён ажаніўся з Пахмутавай, дзяцей у пары не было. Піша песні з канца 50-х. У 1970 годзе стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР. Росквіт яго творчай кар'еры прыпаў на гэты час і на суседнія 1980-я.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.