Паралельная рэальнасць для сваіх: як "На страже" і "Спецназ" пішуць пра пратэсты
Пратэсты ў Беларусі / Reuters
Пратэстоўцы завабліваюць сілавікоў у засады, атакуюць іх "кактэйлямі Молатава", кідаюць у іх камяні з вокнаў і тараняць "баявыя парадкі АМАПа" машынамі. Вы хоць раз бачылі такое амаль за тры месяцы пратэстаў у Беларусі? А менавіта так ведамасная газета "На страже" і часопіс "Спецназ" апісваюць Беларускія пратэсты для сваіх чытачоў.
Мы вывучылі, як дзяржаўная прапаганда апісвае пратэсты, як "яны" бачаць тых, каго збіваюць на вуліцах, — і параўналі гэта з тым, як усё было на самай справе. Без перабольшання, сілавікі канструююць "паралельную рэальнасць для сваіх".
Доступ у інтэрнэт і распаўсюджванне кантэнту
9–11 жніўня па ўсёй Беларусі "ляжаў" інтэрнэт. Такі прыклад: раніцай 10 жніўня ў рэдакцыю Еўрарадыё патэлефанавала жанчына з Оршы і папрасіла расказаць ёй, што адбываецца ў Мінску. Даведацца штосьці па-іншаму было проста немагчыма!
Аднак безыменны аўтар часопіса "Спецназ" лічыць, што пратэстоўцы карысталіся высокатэхналагічнымі схемамі перадачы звестак, абкатанымі падчас масавых пратэстаў у Ганконгу: "Зняты кантэнт перадаваўся з дапамогай праграм, якія дазваляюць перадаваць звесткі паміж смартфонамі без падключэння да інтэрнэту. Так інфармацыя акумулявалася ў смартфонах каардынатараў, якія потым адвозілі яе замежным памочнікам".
І тут самае галоўнае. "Замежныя памочнікі" па спадарожнікавых каналах доступу ў інтэрнэт перадавалі звесткі ў тэлеграм-каналы і СМІ. Шмат-ха-до-вач-ка.
У рэальнасці ўсё было нашмат прасцей і адначасова складаней. 9–11 жніўня ў інтэрнэт можна было прабіцца праз некаторыя VPN-сэрвісы і proxy. Так, распрацоўшчык VPN-сэрвісу Psiphon расказаў, што на піку іх праграмай карысталіся амаль 2 мільёны беларусаў — траціна ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў краіны.
Аднак часцей за ўсё рэпарцёры дыктавалі інфармацыю з месца падзей па тэлефоне, а зняты матэрыял самі прывозілі ў рэдакцыю.
Падчас блакавання інтэрнэту ўсе сэрвісы Google практычна перасталі працаваць у Беларусі. Аднак некаторыя іншыя платформы, няхай і павольна, але працягвалі функцыянаваць. У першую чаргу — воблачныя серверы для перадачы звестак. Гэта дазваляла хай і павольна, але запампоўваць фота і відэа і расшарваць іх для іншых.
Байкеры
Увечары 11 жніўня ў Мінску былі спыненыя шэсць матацыклістаў. Відэа брутальнага затрымання трапіла да абвешчанага экстрэмісцкім тэлеграм-канала. На ім супрацоўнік міліцыі дастае табельную зброю, пагражае ёй затрыманым. З байкерамі груба абыходзяцца, іх збіваюць. Пры гэтым матацыклісты не аказваюць супраціву.
Яшчэ адно відэа апублікаваў у тэлеграм-канале "Чай з малинавым варэннем". На ім жорсткае затрыманне матацыкліста проста пасярод дарогі. Супрацоўнік міліцыі збівае байкера дубінкай.
Раптоўны ўсплёск гвалту да байкераў пратэстоўцы тлумачаць тым, што матацыклетная экіпіроўка дазваляе абараніцца ад дзеянняў сілавікоў. Але безыменны аўтар часопіса "Спецназ" усё расстаўляе па месцах. Аказваецца, байкеры перадавалі лічбавыя носьбіты з фота і відэа ў рэдакцыі СМІ: "Бо байк — найлепшы транспартны сродак для перамяшчэння, калі ўвесь горад стаіць", — разважае аўтар.
Аўтару аказалася прасцей прыдумаць міф пра байкераў, якія развозяць па рэдакцыях "лічбавыя носьбіты", чым прыняць той факт, што беларускія незалежныя СМІ змаглі знайсці абыход блакавання інтэрнэту, зробленага беларускімі ўладамі.
Акрамя таго, байкеры былі актыўнымі ўдзельнікамі "масавых беспарадкаў" і "Аўтамайдана", лічыць аўтар "Спецназа": "Матацыклісты, рухаючыся па дарозе, спынялі рух, пасля чаго з аўтамабіляў, якія рухаліся за імі, выходзілі людзі".
Да жнівеньскіх падзей байкеры не вельмі актыўна ўдзельнічалі ў акцыях салідарнасці. Але пасля жорсткасці з боку сілавікоў — далучыліся да пратэсту. Пры гэтым варта сказаць, што ў асноўным у беларускіх байкераў да гэтых падзей былі добрыя адносіны з МУС і ДАІ ў прыватнасці. На закрыццё мотасезона прыязджаў Ігар Шуневіч (тады — міністр унутраных спраў) і начальнік рэспубліканскай ДАІ Дзмітрый Карзюк. Таксама ў байкерскіх злётах удзельнічаў Віктар Лукашэнка.
Раварысты
Неаднаразова адзначалася неймаверная жорсткасць сілавікоў пры затрыманні раварыстаў. Успомніць хоць бы нядаўнюю гісторыю, якая здарылася з Мікітам Домрачавым, братам біятланісткі Дар'і Домрачавай, які ехаў на ровары ў раёне вуліцы Зыбіцкай.
У часопісе "Спецназ" невядомы аўтар усё расстаўляе па палічках: раварысты вядуць разведку для пратэстоўцаў. Маўляў, яны загадзя прыязджаюць у пункт збору і дакладваюць, якая там абстаноўка, сочаць за перамяшчэннямі сілавікоў.
Аўтар часопіса "Спецназ" прыходзіць да думкі, што гэта "кіраванне" пратэстам. Аднак з дакладна такім жа поспехам "кіраваннем пратэстам" можна назваць тэлеграм-чат "Контроль автозаков", дзе людзі расказваюць пра размяшчэнне спецтэхнікі. Сімптаматычна, што аўтар артыкула ў прынцыпе не дапускае магчымасці самаарганізацыі і лічыць, што за любой ініцыятывай стаіць загад зверху.
У свежым выпуску "На страже" за 27 кастрычніка МУС растлумачыў, чаму ён так дрэнна абыходзіцца з раварыстамі:
"У пачатку калоны стаялі прафесійныя "павадыры" — раварысты ў поўным ахоўным рыштунку, у якіх былі партатыўныя музычныя калонкі і нават горны! Як кажуць, усё неабходнае для "свята", — піша пра нядзельны марш 25 кастрычніка аўтар ведамаснай газеты.
Сілавікі бачаць у раварыстах "разведчыкаў" і "павадыроў". У апошнія дні мы сталі сведкамі некалькіх брутальных затрыманняў веласіпедыстаў. Іх затрымлівалі перад нядзельным маршам 25 кастрычніка і на наступны дзень падчас вячэрніх акцый пратэсту.
Аўтамабіліст
Глыбока траўмаваныя "Майданам" беларускія сілавікі пастаянна спасылаюцца на ўкраінскія падзеі і рэаліі. Не абышлося тут і без згадкі "Аўтамайдана": "Добра паказаў сябе ва Украіне аўтамабільны пратэст, калі ўдзельнікі руху павольна едуць на зададзеным участку дарогі або зусім арганізоўваюць затор", — аддаецца флэшбэкам аўтар "Спецназа".
У якасці прыкладу выкарыстання гэтай тэхналогіі ў Беларусі ён прыводзіць падзеі 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага: "Машыны павольна "адступалі", суправаджаючы пратэстоўцаў. Тым самым яны блакавалі прасоўванне спецтэхнікі". Аўтар артыкула прыходзіць да высновы, што кіроўцы самі сталі ўдзельнікамі масавых беспарадкаў: "Аўтамайдан — не што іншае, як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з удзелам аўтамабіляў".
Далей апісана, як некаторыя "аўтамайданшчыкі" тараняць сілавікоў. І толькі тады, лічыць аўтар "Спецназа", кіроўцаў і пасажыраў сталі затрымліваць. Вось толькі тут не тое каб сыходзіліся даты. Першыя затрыманні кіроўцаў пачаліся яшчэ 9 жніўня. А наезды на сілавікоў адбыліся 10–11 жніўня, калі гвалт на вуліцах дасягнуў неймавернага ўзроўню. Па ўсёй краіне людзі ў форме без апазнавальных знакаў выцягвалі людзей з машын, стралялі па машынах са стрэльбаў, разбівалі іх на хлам дубінкамі.
Раённыя чаты
У інтэрв'ю газеце "На страже" кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў расказвае, што мэта дваровых чатаў — арганізацыя камандаў баевікоў:
"Менавіта яны на чале з добра вядомымі нам бандытамі, якія не раз пабывалі ў месцах пазбаўлення волі, цяпер засталіся на вуліцах. Гэта амаральныя цынічныя асобы, якія адкрыта пагражаюць не толькі супрацоўнікам ОУС, але і нашым жонкам, дзецям, бацькам, а таксама кіраўнікам краіны і журналістам".
Пасля інтэрв'ю міліцэйскіх начальнікаў складваецца ўражанне, што беларускія сілавікі супрацьстаяць на вуліцах ордам узброеных да зубоў крымінальнікаў і маргіналаў. Дарэчы, прыблізна пра гэта ж амапаўцы ў аўтазаках расказваюць затрыманым.
Як на самай справе? Дваровыя чаты спрыялі самаарганізацыі людзей на самым нізавым узроўні. Спярша суседзі знаёміліся паміж сабой і вечарамі спускаліся ў двары, каб разам папіць гарбаты. Потым сталі ладзіцца канцэрты, лекцыі, кінапрагляды. Прыкладамі такой самаарганізацыі сярод двароў служаць "Плошча Перамен", мерапрыемствы ў ЖК "Магістр", у "Каскадзе" і іншыя.
Вядома, начальніку ГУБАЗіК хочацца выставіць гэта ўсё радыкальнай клаакай, дзе куюцца баевікі. Бо гэта ён заяўляў, што ў кожным такім чаце знаходзіцца яго супрацоўнік, які за ўсімі сочыць. Перыядычна супрацоўнікі ГУБАЗіК ладзяць дэананімізацыю ўдзельнікаў дваровых чатаў. Праўда, складана зразумець логіку гэтага дзеяння — бо там усе і так адно аднаго ведаюць.
Узбраенне пратэстоўцаў
На думку сілавікоў, пратэстоўцы выкарыстоўваюць супраць іх вельмі значны арсенал. Часопіс "Спецназ" прыводзіць спіс: нажы, заточкі, пруты, арматура, дубінкі, флагштокі, адвёрткі, тэлескапічныя дубінкі, кастэты, петлі, малаткі і фарба. А яшчэ ўзрыўпакеты, петарды і феерверкі, гаручыя вадкасці, газавыя балончыкі, рэспіратары, будаўнічыя каскі, балаклавы і іншае.
Пералік канфіскаванага ў пратэстоўцаў наводзіць на думкі, што сілавікі затрымлівалі будаўнікоў.
Пасля кожнай буйной вулічнай акцыі лік затрыманых у Беларусі ідзе на сотні. Прадметы, якія пералічвае Карпянкоў, сілавікі знаходзяць у адзінак.
Металічныя пруты згадваюцца ў міліцэйскіх зводках толькі адзін раз — уночы з 9 на 10 жніўня іх нібыта выкарыстоўвалі пратэстоўцы ў Пінску. Петарды таксама згадваюцца аднойчы: 16 верасня іх канфіскавалі ў тых, хто "планаваў напад на сілавікоў".
Біты згадваліся ў міліцэйскіх зводках за 11 кастрычніка. Нібыта пратэстоўцы "выкарыстоўвалі загадзя падрыхтаваныя біты, камяні, а таксама прыстасаванні асляпляльнага ўздзеяння".
На фота і відэа, якія публікуе МУС, біты, пруты і арматура не траплялі.
Былі, на думку Карпянкова, і пісталеты: "Размахваючы пісталетамі, захопліваў транспартныя сродкі [менавіта так, у множным ліку. — Еўрарадыё], каб потым, развярнуўшыся, тараніць ім баявыя парадкі АМАПа", — расказваў начальнік ГУБАЗіК у інтэрв'ю "На страже".
Праўда адзіны задакументаваны выпадак такога захопу быў 10 жніўня, калі група невядомых захапіла МАЗ тэхдапамогі, які ехаў за тралейбусам. Праўда, нават Следчы камітэт не ўпэўнены, што там фігураваў менавіта пісталет, а не "прадмет, падобны да пісталета". І тады захоплены транспарт ніхто не накіроўваў на "баявыя парадкі АМАПа". Але Мікалаю Карпянкову лепш відаць.
"Кактэйлі Молатава"
Больш за ўсё ўяўленне сілавікоў (і Карпянкова ў прыватнасці) бударажыць выкарыстанне "кактэйляў Молатава":
"9 жніўня малойчыкі, выкарыстоўваючы для прыкрыцця непаўналетніх і жанчын, пачалі прарывацца на ўчасткі, нападаць на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спрабаваць захопліваць у закладнікі жанчын, якія працавалі на выбарчых участках. Выкарыстоўваліся арматура, нажы, "кактэйлі Молатава". Усё для таго, каб дабрацца да бюлетэняў".
Супрацоўнікі ГУБАЗіК нібыта выязджалі на "дзясяткі ўчасткаў", каб вызваліць людзей і забраць дакументы. "На нашы аўтобусы нападалі, разбівалі шыбы, кідалі "кактэйлі Молатава", — расказвае Карпянкоў. А ў "Галоўным эфіры" кіраўнік ГУБАЗіК і зусім расказаў, што яго супрацоўнікаў заваблівалі ў двары, у засады, дзе на галовы ляцелі "бутэлькі з запальнай сумессю".
Якія доказы ён прыводзіць? Проста заяўляе: "Усё гэта было". Калі б падобныя выпадкі адбыліся на самай справе, пра іх адразу ж стала б вядома. Хіба прэс-служба МУС стала б іх хаваць? Але замест сілавікоў з апёкамі ад "кактэйляў Молатава", якія трапілі ў іх, нам расказваюць, як дзяўчына пры затрыманні ў тралейбусе ўкусіла міліцыянера за сцягно.
Адзіны выпадак прымянення "кактэйляў Молатава" ў Мінску быў задакументаваны ўночы з 10 на 11 жніўня. Калі сілавікі пайшлі на штурм барыкад на вуліцы Прытыцкага, пратэстоўцы шпурнулі некалькі бутэлек з запальнай сумессю на асфальт перад шчытамі. Ні адна з бутэлек не даляцела да людзей. Але цяпер усе размовы ў сілавых ведамствах толькі пра "кактэйлі Молатава", якія прымяняюцца супраць іх.
Атрута для сілавікоў
У інтэрв'ю газеце "На страже" Мікалай Карпянкоў расказвае пра злавесны план пратэстоўцаў атруціць сілавікоў. А ў выпадку, калі пацерпяць іншыя, — абвінаваціць "людзей у форме":
"Незаконнымі спосабамі завезлі ў краіну моцнадзейныя атрутныя рэчывы, планавалі выкарыстаць іх падчас пратэставых акцый супраць міліцыянераў. Пры гэтым "забывалі" пра тое, што самы нязначны павеў ветру панёс бы гэтыя атрутныя пары ў адваротны бок. Зрэшты, тады галоўнымі злачынцамі назвалі б людзей у форме, якіх абвінавацілі б ва ўжыванні небяспечных рэчываў".
Пазней у "Галоўным эфіры" Карпянкоў дадаў, што ў затрыманага была "цэлая брыгада вышыннікаў. Яны планавалі, дзе адбываецца сустрэча, распыліць вось гэта моцнадзейнае рэчыва, якое небяспечнае. Яно і выбуханебяспечнае, і яно, атрымліваецца, вельмі небяспечнае пры ўдыханні".
Магчыма, Карпянкоў меў на ўвазе выпадак Сцяпана Латыпава, затрыманага ў верасні прамысловага альпініста і змагара з баршчэўнікам. Яго затрымалі на "Плошчы Пераменаў", калі ён разам з іншымі мужчынамі абараняў ад сілавікоў мурал з дыджэямі.
Неўзабаве ў эфіры АНТ заявілі, што Сцяпан Латыпаў хацеў атруціць сілавікоў. У сюжэце гаварылася, што Латыпаў “меў намер апрацаваць атрутнымі рэчывамі іх [супрацоўнікаў міліцыі. — Еўрарадыё] зямельныя ўчасткі і лецішчы, распыліць гэтыя рэчывы паблізу баявых парадкаў АМАПа і ўнутраных войскаў падчас пратэставых акцый, каб вывесці тых са строю, як ён сам выказаўся, каб "зайшліся ванітамі".
Як паведамляюць знаёмыя Сцяпана Латыпава, атрутныя рэчывы яму патрэбныя былі для барацьбы з баршчэўнікам. У затрыманага быў невялікі бізнес па выкараненні шкоднага пустазелля.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.