Парламенцкія выбары ў Азербайджане: такога яшчэ не было
Новы выбарчы блок "Рух" аб'яднаў прадстаўнікоў розных палітычных рухаў, правых, левых, феміністак, былых палітвязняў, юрыстаў — маладых актывістаў усіх напрамкаў, гатовых пазмагацца за месцы ў парламенце / Еўрарадыё
Пазачарговыя парламенцкія выбары пройдуць 9 лютага ў Азербайджане, піша Мэйдан ТБ. Новы парламент павінны былі абіраць толькі ў лістападзе 2020 года, але прэзідэнт Ільхам Аліеў вырашыў, што выбары павінны прайсці цяпер. У мінулым снежні ён падпісаў указ аб роспуску парламента пятага склікання.
Навошта трэба было спяшацца з выбарамі, незразумела: партыя ўлады "Ені Азербайджан" мела парламенцкую большасць і кантралявала прыняцце ўсіх рашэнняў. Прычым менавіта партыя ўлады і выступіла ініцыятарам роспуску. Сярод названых прычын — "пашырэнне геаграфіі рэформаў" і "дарога маладым патрыётам". Прэзідэнт краіны ініцыятыву падтрымаў і сказаў, што сапраўды трэба "даць магчымасць насельніцтву выбраць тых, каму яны давяраюць".
Для ўдзелу ў пазачарговых парламенцкіх выбарах у Цэнтрвыбаркам звярнуліся 20 партый. Сярод іх няма Нацыянальнага савета дэмакратычных сіл, які аб'ядноўвае некалькі апазіцыйных партый і рухаў. Савет вырашыў байкатаваць выбары, растлумачыўшы гэта недаверам да правядзення ў Азербайджане дэмакратычных выбараў. А скарыстацца магчымасцю абнавіць парламент вырашылі зусім маладыя актывісты і стварылі новую азербайджанскую аб'яднаную апазіцыю.
"Гэта — новы фармат"
Новы выбарчы блок "Hərəkət" (Рух) быў створаны маладымі апазіцыйнымі актывістамі спецыяльна для ўдзелу ў будучых парламенцкіх выбарах. Новая апазіцыя аб'ядноўвае ў сабе прадстаўнікоў розных палітычных рухаў, правых, левых, феміністак, былых палітвязняў, юрыстаў — маладых актывістаў усіх напрамкаў, гатовых пазмагацца за месцы ў парламенце.
"Мы прынялі рашэнне ўдзельнічаць у гэтых выбарах у якасці незалежных маладых палітыкаў, — расказаў Мэйдан ТБ адзін з прадстаўнікоў блока, кандыдат у дэпутаты, сябра праўлення грамадскага руху NİDA ("Вокліч") Ульві Гасанлы. — У Азербайджане такога не было. Да гэтага часу былі толькі палітычныя блокі, саюзы палітычных партый. Гэта — новы фармат".
І сапраўды, у адрозненне ад іншых палітычных аб'яднанняў, члены блока не ўваходзяць ні ў адну палітычную партыю, маюць розныя, часам дыяметральна супрацьлеглыя, погляды, ідэалогіі і пазіцыі.
"Рух" — гэта блок, у якім у кожнага з нас свая незалежная платформа, абсалютна незалежная, я сам — прадстаўнік левага руху. У нас у блоку ёсць і правыя, ёсць людзі з абсалютна рознымі ідэалогіямі", — кажа іншы кандыдат ад блока эканаміст Тагрул Веліеў.
"Жанчыны ў гэтай барацьбе ідуць у пярэдніх шэрагах"
Адзін з кандыдатаў у дэпутаты ад блока "Рух" — 32-гадовая Рабія Мамедава. Ваеннаслужачая ў запасе, спартсменка, чэмпіёнка Азербайджана і Еўразіі па тэквандо, актывістка феміністычнага руху, яна — адна з арганізатараў акцыі "Не гвалту супраць жанчын", якая прайшла 20 лістапада 2019 года ў Баку. У парламенце Рабія збіраецца змагацца за правы жанчын:
"Я яшчэ з ранніх гадоў пачала барацьбу, спачатку змагалася за свае правы ў сям'і, цяпер патрабую свае правы ў дзяржавы. Думаю, што калі я заклікаю, у асноўным жанчын, устаць у пярэднія шэрагі, то і сама павінна стаць прыкладам, змагацца і гэтай сваёй барацьбой даказаць, што жанчыны ў гэтай барацьбе ідуць у пярэдніх шэрагах, нягледзячы на ўсё бяспраўе, несправядлівасць і дыскрымінацыю".
Зусім нядаўна, у снежні мінулага года, Рабія балатавалася і на муніцыпальных выбарах, прайграла, але запалу не страціла. Прапанову далучыцца да "Руху" прыняла з вялікім аптымізмам.
"Мы, як мінімум, хочам прынесці дзейнасць у парламент. Як мінімум я думаю, што моладзь ператворыць парламент у рабочую структуру", — кажа Рабія.
"Новае дыханне"
Пра тое, што будучы парламент павінна прадстаўляць маладое пакаленне, гавораць усе сябры руху.
"Мы плануем прынесці новае дыханне ў грамадства", — сказаў у час размовы з Мэйдан ТБ блогер Мехман Гусейнаў.
Мехман — адзіны былы палітвязень сярод сяброў блока, кандыдатура якога была зарэгістраваная ў ЦВК. Астатнім дваім — Ількіну Рустамзадэ і Эльгізу Гахраманлы — у рэгістрацыі адмовілі. Менавіта з лёгкай рукі Мехмана ў грамадстве апошнім часам парламент сталі называць не інакш, як "Дом састарэлых".
Сябры блока сцвярджаюць, што насельніцтву ўжо надакучылі адны і тыя ж дэпутаты, якія абіраюцца з разу ў раз, а праблемы людзей так і застаюцца нявырашанымі.
"Людзі часта паўтаралі, што ім надакучылі старыя, і таму цяпер яны хочуць аддаць свае галасы маладым", — расказвае Тагрул Веліеў, які разам са сваімі валанцёрамі збіраў подпісы для рэгістрацыі ў ЦВК і змог пагутарыць з сотнямі выбаршчыкаў.
"Кажаш ім "парламент" — не разумеюць, кажаш "Мілі Меджліс" — таксама не разумеюць"
Хоць у сяброў блока "Рух" розныя погляды, ідэалогіі і прыярытэты, у кожнага свая незалежная платформа, гэта не перашкодзіла ім дзяліцца рэсурсамі, збіраць адно для аднаго подпісы, "дзяліць" паміж сабой валанцёраў і нават падтрымліваць сваіх сяброў па блоку ў сустрэчах з выбаршчыкамі і прымаць у іх удзел. Сябры "Руху", якія не прайшлі рэгістрацыю ў Цэнтрвыбаркаме, дапамагаюць сваім больш удачлівым паплечнікам у правядзенні перадвыбарнай кампаніі, якая працягнецца да 8 лютага.
Агульная мэта блока, якую паставілі перад сабой маладыя палітыкі, — вярнуць у насельніцтва цікавасць да выбараў.
"Наша грамадства занадта апалітычнае. Падчас збору подпісаў нават у сталіцы ў Баку аказалася, што даволі шмат людзей амаль нічога не ведаюць пра парламент, пра выбары, — расказвае Эльгіз Гахраманлы. — Кажаш ім "парламент" — не разумеюць, кажаш "Мілі Меджліс" (парламент Азербайджана. — Заўв. аўтара) — таксама не разумеюць, толькі калі кажаш "дэпутат", яны разумеюць, пра што гаворка, але і тады аказваецца, што яны не збіраюцца галасаваць і ніколі не галасавалі. А адна жанчына нам сказала, што будзе галасаваць толькі за Ільхама Аліева, і нам ніяк не ўдалося ёй растлумачыць, што гэта парламенцкія выбары і прэзідэнт у іх не ўдзельнічае".
А тыя, хто ведае пра выбары, часцей за ўсё не вераць у справядлівыя і празрыстыя выбары ў краіне. Гэта пацвярджае і Тагрул Веліеў.
"Людзі абыякавыя да выбараў, усе яны кажуць, што лёс выбараў ужо вырашаны, удзел бескарысны, а вы маладыя, навошта вам гэта трэба, пераможцы ўсё роўна ўжо вядомыя. Але ў людзей шмат праблем, і мы спрабуем ім растлумачыць, што рашэнне вашых праблем звязана з удзелам у выбарах".
На сваім прыкладзе маладыя апазіцыянеры хочуць паказаць, што на палітычную арэну ў Азербайджане выйшла "новае пакаленне палітыкаў".
"У Азербайджане ў людзей няма ніякай надзеі на светлую будучыню краіны, — кажа Ульві Гасанлы. — Мы далучыліся да гэтага працэсу менавіта для таго, каб вярнуць людзям надзею. Мы хочам сказаць, не думайце, што ў краіне ўсё страчана, гэта не так. ёсць шмат маладых людзей, кінутых за краты, якія выйшлі з турмы і якія працягваюць свой шлях. У ходзе перадвыбарнай кампаніі мы менавіта гэта хочам данесці да людзей. Не думайце, што ў Азербайджане ўсё страчана — гэта не так, ёсць тыя, хто змагаецца, і мы зменім краіну".
Пры падтрымцы "Медиасети"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.