Партызаны, іспанцы, пранцы: якія работы пішуць за беларуска-расійскі грант

Беларускія партызаны на плошчы Леніна ў Мінску, пасля вызвалення горада / Уладзімір Лупейка
Беларускія партызаны на плошчы Леніна ў Мінску, пасля вызвалення горада / Уладзімір Лупейка

Беларускія і расійскія навукоўцы асвойваюць сумесны грант на даследаванні пра акупантаў, калабарацыяністаў і партызанаў у 1941–1944 гадах. Грошы далі ў 2020 годзе Расійскі фонд фундаментальных даследаванняў (фінансуецца пераважна з бюджэту РФ) і Беларускі фонд фундаментальных даследаванняў (фінансуецца з бюджэту РБ).

Чаго можна было чакаць ад такога гранта і даследаванняў па ім? Калі б ім займаліся прафесійныя прапагандысты, то мы б убачылі серыю тэкстаў пра карнікаў-калабарацыяністаў, якія катуюць партызанаў і спальваюць вёскі пад бел-чырвона-белай сімволікай, і наогул "хлопчыка ў трусіках укрыжавалі". Але аказалася, што ўсё не зусім так.

Калабаранты з чалавечым тварам

Партизаны, испанцы, сифилис: какие работы пишут за белорусско-российский грант

Беларускую частку праекта ўзначальвае загадчыца кафедры гісторыі і турызму ПДУ кандыдатка гістарычных навук Алеся Корсак. Сфера яе інтарэсаў: генацыд габрэяў, воінскія пахаванні, акупацыйная палітыка нацыстаў і культура памяці.

У рамках гранта яна напісала як мінімум адзін навуковы артыкул — на аснове ўспамінаў жыхароў Пастаўскага і Расонскага раёнаў пра партызанаў і калабарацыяністаў у часы ВАВ. Стаўленне да іх аказалася "разнапланавым і супярэчлівым". "...войт быў. Нічога такі, не рабіў дрэннага...", "...стараста наш быў, дзеравенскі. Харошы!" — прыводзіць даследчыца словы жыхароў Падзвіння. Рэспандэнты ўспамінаюць, што людзі баяліся ісці на службу да немцаў, таму што на іх палявалі партызаны.

"Такім чынам, на тэрыторыі Заходняй Беларусі (Пастаўскі раён) да старастаў як прадстаўнікоў акупацыйнай улады ў сваёй вёсцы ставіліся лаяльна, іх існаванне ўспрымалася хутчэй як нейкая неабходнасць у новых умовах ваеннай рэальнасці. Пры гэтым паліцэйскіх рэспандэнты ацэньваюць негатыўна, магчыма, з прычыны іх чужасці. У Расонскім раёне аднолькава адмоўным было стаўленне і да кіраўніцтва вёскі або сельскай управы, і да паліцаяў незалежна ад таго, "свае" яны або "чужыя", — піша Корсак.

Партызаны як ворагі, але "свае"

Узаемаадносіны паміж цывільным насельніцтвам і савецкімі партызанамі ў залежнасці ад рэгіёна моцна адрозніваюцца. Ва ўспамінах жыхароў заходняй часткі Беларусі яны афарбаваныя негатыўна. "Зразумела, ад акупацыйных уладаў нічога добрага не чакалі, але складваецца ўражанне, што і да партызанаў на Пастаўшчыне ставіліся як да ворагаў, хоць і "сваіх": "Днём баяліся немцаў, а ноччу — парцізан", — заўважае Алеся Корсак.

Расоншчына ў гэтых адносінах рэзка адрозніваецца. Байцам з Расонска-Асвейскай партызанскай зоны мясцовыя жыхары ў асноўным дапамагалі. Хоць і "не асабліва любілі" "чужых" партызанаў з Калінінскай вобласці, якія там ваявалі, — праз тое, што яны адбіралі апошняе. "...парцізаны тожэ былі плахія некатарыя, забіралі адзенне... адзяялка майго рабёнка забралі, прасіла: "Кіньце!" Калінінскія парцізаны былі, не нашы", — успамінала ў 2017 годзе сведка тых падзей па прозвішчы Бондарава. Корсак адзначае, што ніводзін з апытаных у экспедыцыі 2019 года відавочцаў не выказваў негатыўнай ацэнкі ў дачыненні да "сваіх" партызанаў.

Партизаны, испанцы, сифилис: какие работы пишут за белорусско-российский грант
Мемарыяльны комплекс у Расонах

Яшчэ адзін беларускі навуковец, які працаваў у рамках сумеснага гранта, — кандыдат гістарычных навук і загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін БДАТУ Яўген Грэбень. Ён падрыхтаваў даклад "Цывільнае насельніцтва, акупанты, калабарацыяністы і партызаны беларуска-расійскага памежжа ў 1941–1944 гг.: адлюстраванне ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі" да міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Новасібірску. Гэтага тэксту мы ў вольным доступе не знайшлі.

Пранцы на службе ў нацыстаў

Трэці прадстаўнік беларускага боку — супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі кандыдат гістарычных навук Святаслаў Кулінок. У свой час ён паспяхова абараніў дысертацыю па тэме "Дакументальныя крыніцы Беларускага штаба партызанскага руху па разведвальнай дзейнасці партызанаў". Акрамя партызанаў, ён займаецца даследаваннем дзейнасці нацысцкіх дыверсійных груп, у тым ліку дзяцей-дыверсантаў.

Кулінок у суаўтарстве з расійскай даследчыцай Аленай Краснажэнавай напісаў артыкул "Да пытання аб выкарыстанні нямецкай выведкай цывільнага насельніцтва СССР у 1941–1944 гадах". У публікацыі расказваецца пра вербаванне на акупаваных тэрыторыях жанчын і дзяцей і стварэнне навучальных цэнтраў для падрыхтоўкі дзяцей-дыверсантаў і "агентаў у спадніцы". Напрыклад, там расказваецца, як жанчын спецыяльна заражалі пранцамі і "закідвалі" да партызанаў:

"У разведзводцы ад 6 сакавіка 1944 г. адзначалася, што нямецкія разведорганы з г. Вілейка закінулі ў партызанскія брыгады некалькі жанчын, хворых на пранцы, з мэтай заражэння партызанаў, у першую чаргу камскладу. Праз пяць дзён ва ўсе партызанскія злучэнні БССР была паслана радыёграма за подпісам намесніка начальніка ЦШПР С. Бельчанкі, у якой паведамлялася пра тое, што апошнім часам нямецкая разведка ўзмоцнена закідвае ў партызанскія зоны агентаў-жанчын, заражаных пранцамі".

Партизаны, испанцы, сифилис: какие работы пишут за белорусско-российский грант

А хто працуе над праектам з расійскага боку?

Расійскую частку гранта ўзначальвае доктар гістарычных навук Алена Краснажэнава. Яе навуковыя інтарэсы: гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, акупацыя і акупацыйная палітыка на тэрыторыі Ленінградскай вобласці і гісторыя ваеннай штодзённасці.

У рамках гранта яна падрыхтавала даклад "Акупацыя ва ўспамінах цывільнага насельніцтва (на матэрыялах Паўночнага Захаду РСФСР)" да міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Новасібірску. Таксама яна выпусціла відэалекцыю пра ваеннае дзяцінства і апублікавала артыкул "Паўночны Захад РСФСР у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі", прысвечаны выпампоўванню эканомікай Трэцяга рэйха рэсурсаў з захопленай савецкай тэрыторыі:

"Акупацыйная палітыка прывяла да значнага пагаршэння ўмоў жыцця на Паўночным Захадзе РСФСР. Канфіскацыя ў грамадзян харчоў і цёплых рэчаў, высяленне іх з жылых дамоў, адсутнасць медыцынскай дапамогі спрыялі росту захваральнасці і смяротнасці".

Партизаны, испанцы, сифилис: какие работы пишут за белорусско-российский грант

Іспанскія нацысты пад Ленінградам

Доктар гістарычных навук Барыс Кавалёў у рамках гранта зрабіў лекцыю "Новая Еўропа" супраць Ленінграда (нацысцкая Германія і яе хаўруснікі). 1941–1944 гг.". Таксама выйшаў даклад за яго аўтарствам "Іспанскі хаўруснік Трэцяга Рэйха на Паўночным Захадзе Расіі. 1941–1944 гг.". Там ён расказвае пра актыўнасць іспанцаў на Усходнім фронце:

"Іспанская "Блакітная дывізія" прыбыла на Усходні фронт у кастрычніку 1941, да жніўня 1942 года дыслакавалася ў Ноўгарадзе і яго ваколіцах, адкуль была перакінута пад Ленінград, дзе брала ўдзел у крывавых баях з Чырвонай Арміяй. Менавіта ўпарты супраціў салдат іспанскай "Блакітнай дывізіі" зімой 1943 года не дазволіў зняць блакаду Ленінграда на год раней".

Партизаны, испанцы, сифилис: какие работы пишут за белорусско-российский грант

Калабарацыяніст-карупцыянер

Доктар гістарычных навук Сяргей Кулік таксама падрыхтаваў даклад на ўсё тую ж новасібірскую навуковую канферэнцыю па тэме "Партызанскія Суды на акупаванай тэрыторыі Паўночнага Захаду РСФСР (1941–1944 гг.)". Ён жа сумесна з Барысам Кавалёвым у рамках гранта напісаў артыкул "Калабарацыяніст-карупцыянер Бычкоў-Паморцаў: дзве справы ў Вялікіх Луках".

Праца прысвечана чалавеку нетрывіяльнага лёсу: бургамістра горада Вялікія Лукі Бычкова-Паморцава судзілі і гітлераўцы (за эканамічныя махінацыі), і саветы (за дапамаганне акупантам і злачынствы супраць мірнага насельніцтва).

Паклонны турызм

Праект "Народ і ўлада: акупанты, калабарацыяністы і партызаны на памежнай тэрыторыі Беларусі і паўночнага захаду Расіі ў 1941–1944 гады" разлічаны на два гады. Даследчыкі плануюць, што іх работы будуць выкарыстоўвацца "для стварэння маршрутаў "паклоннага турызму" да месцаў масавых пахаванняў ахвяр ваенных злачынстваў".

Галоўным вынікам праекта павінна стаць калектыўная манаграфія з дакументальным дадаткам, у якім будуць размешчаны раней не апублікаваныя архіўныя крыніцы.

Вы можаце дапамагчы беларускай незалежнай журалістыцы і стаць падпісчыкам на Patreon.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі