Пасля чарговага вандалізму ў Курапатах вырашылі ўсталяваць відэакамеры
Пасля чарговага вандалізму ў Курапатах там вырашылі ўсталяваць відэакамеры. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі. Адзначаецца, што непасрэдна ўсталяваннем ва ўрочышчы сродкаў фота- і відэафіксацыі займаецца Бараўлянскі спецлясгас у прысутнасці супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў. Фотапасткі з'явяцца ўжо сёння. Агулам іх будзе 10-12.
Як інфармуе БЕЛТА, у выпадку нейкіх правапарушэнняў у Курапатах камеры дапамогуць "у аператыўным рэжыме вылічыць асобы парушальнікаў". Таксама ва ўрочышчы арганізаванае дзяжурства супрацоўнікаў лясной аховы.
Як інфармавала Еўрарадыё, на мінулым тыдні ў Курапатах невядомыя асобы зрабілі надпісы сіняй фарбай на некалькіх помніках. Следчы камітэт Беларусі распачаў па гэтым факце крымінальную справу. Помнікі ўжо прыведзеныя ў парадак работнікамі спецлясгаса.
Курапаты — месца масавых пахаванняў ахвяраў сталінскага рэжыму на ўскраіне Мінска. За апошнія дзесяцігоддзі там утварыўся народны мемарыял. Нядаўна помнік устанавілі і ўлады.