Пасля ўводу АЭС новабудоўлі з Беларусі перавядуць на электрычнасць
Увод у дзейнасць Беларускай АЭС істотна паўплывае на будаўніцтва жылля ў нашай краіне. Напрыклад, з 2018 года жыллё пачнуць будаваць з "электраначыннем" — ацяпленнем, падагрэвам вады, электраплітамі ў кухнях кватэраў. Адначасова мусіць развівацца інфраструктура па забеспячэнні электраэнергіяй жылля, якое будуецца.
Усё гэта, як піша tut.by, закладзена ў пастанове ўрада, якая ўносіць змены ў праграму "Будаўніцтва жылля" на 2016-2020 гады. Пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Выключэннем з гэтага "жылля з электраначыннем" стануць дамы, якія будуюцца ў зоне дзеяння цеплавых электрастанцый, а таксама ў газіфікаваных раёнах, дзе ёсць рэзервы магутнасці.
Ёсць змены і ў іншых раздзелах праграмы "Будаўніцтва жылля". Напрыклад, для вайскоўцаў плануецца ўзводзіць арэнднае жыллё.
Агулам за пяць гадоў у краіне мусяць пабудаваць 18 мільёнаў квадратных метраў жытла.