Пятро Васючэнка пасмяротна вылучаны на “дзіцячага” літаратурнага Нобеля
![Пятро Васючэнка пасмяротна вылучаны на “дзіцячага” літаратурнага Нобеля](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/vasuchenka.jpg.webp?itok=GD9CLOKt)
Беларускі пісьменнік Пятро Васючэнка, які пайшоў з жыцця сёлета ў жніўні, вылучаны на прэстыжную міжнародную прэмію ALMA Astrid Lindgren Memorial Award. Яе ўручаюць за дасягненні ў галіне дзіцячай літаратуры. Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” літаратарка і выдавец Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская.
Прэмію ALMA заснавалі ў Швецыі. Яе абвяшчаюць штогод на кніжным кірмашы ў Франкфурце, а саму прэмію ўручаюць увесну на кніжным кірмашы дзіцячай літаратуры ў Балоні.
У лік намінантаў трапляюць найлепшыя пісьменнікі ды ілюстратары з усяго свету, а таксама арганізацыі, якія займаюцца прасоўваннем чытання сярод дзяцей. ALMA прыраўніваецца да Нобелеўскай прэміі ў галіне дзіцячай літаратуры.
Беларускі літаратар упершыню трапляе ў спіс намінантаў гэтай прэміі.
Пятро Васючэнка памёр ва ўзросце 60 гадоў. Ён быў аўтарам кніг прозы, казак, ствараў п’есы, а таксама выдаў літаратуразнаўчыя манаграфіі. Яго апошняя кніга для дзяцей “Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” выйшла ў 2018 годзе.