Пазбавілі ліцэнзіі палітзняволенага адваката Віталя Брагінца
Пазбавілі ліцэнзіі палітзняволенага адваката Віталя Брагінца, які знаходзіцца за кратамі з траўня 2022 года. Як паведамляе @defendersbelarus, чарговую атэстацыю адвакатаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці правяла 4 жніўня. Былі прыняты рашэнні аб спыненні дзеяння ліцэнзій у дачыненні да адвакатаў Атаманчук, Брагінца і Залуцкай. Фармулёўка наступная: "У сувязі з прымяненнем да адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з Мінскай абласной калегіі адвакатаў за ўчыненне правін, несумяшчальных са званнем адваката".
Віталя Брагінца затрымалі раніцай 23 траўня. За "непадпарадкаванне" міліцыянерам яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. На волю ён ужо не выйшаў. Праваабаронцы прызналі Брагінца палітзняволеным.
Віталь Брагінец — юрыст з 25-гадовым стажам. З 1996-га да 2010 года ўзначальваў уласную кампанію "Брагінец і партнёры". Апошнім часам працаваў у юрыдычнай кансультацыі Дзяржынскага раёна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.