Пазняк — пра “праймэрыз” апазіцыі: слова такога ў беларускай мове не існуе
Лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк крытычна выказаўся пра працэдуру вызначэння адзінага апазіцыйнага кандыдата на прэзідэнцкія выбары, якія пройдуць у Беларусі ў 2020 годзе. Пра яе пачатак шэраг апазіцыйных лідараў абвясцілі 27 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Пазняк глядзеў у інтэрнэце жывую трансляцыю мерапрыемства і называе яго "спектаклем".
"Першае, што зразумела — гэта тое, што сістэма працуе спраўна і Лукашэнка можа не хвалявацца, — піша лідар КХП-БНФ. — Выбары пройдуць па стандартнай рэжымнай схеме...".
Зянон Пазняк выказаўся пра ўдзел у выбарах "адзінага" Паўла Севярынца. "За апошнія месяц-паўтара Севярынец выгадна (і заслужана) выйшаў наверх у пратэстным палітычным змаганні супраць аншлюсу і за незалежнасць Беларусі", — піша палітык. Ён заўважае, што Павел Севярынец не стаў замацоўваць свае пазіцыі, не пайшоў у "наступальную палітыку на іншым узроўні", а апынуўся сярод дзеячоў, якіх Пазняк называе "так званай "дэмакратычнай апазіцыяй".
Лідар КХП-БНФ робіць выснову, што "ніводнай асобы, якая магла б стаць альтэрнатывай рэжыму і "адзіным кандыдатам", у гэтай багне няма". А апазіцыянеры "у “праймерыз” будуць бавіцца". Гэта Пазняка асабліва абурае. "Які ім у Беларусі “праймэрыз”! — піша палітык. — І слова такога ў беларускай мове не існуе".
Зянон Пазняк бачыць выхад толькі ў актыўнасці грамадства, якое можа запатрабаваць і дамагчыся свабодных выбараў, без Аляксандра Лукашэнкі.
Зянону Пазняку 75 гадоў. Ён быў лідарам Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі ў пачатку 1990-х, якая дамаглася абвяшчэння незалежнасці нашай краіны. З 1996-га — у эміграцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.