Пазьняк заяўляе, што лабісты Лукашэнкі хочуць легалізаваць рэжым
Па словах палітэмігранта, гэтая дзейнасць асабліва актывізавалася ў Еўрасаюзе апошнія паўгода.
Галоўным лабістам лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ называе еўракамісара Штэфана Фюле. Згадвае ён і нядаўні візіт у Мінск еўрапарламентара Юстаса Палецкіса. Ён мае падрыхтаваць даклад па беларускім пытанні для Еўрапарламента.
Крытыкуе Пазьняк і прапанову Анатоля Лябедзькі па "трохкрокавай стратэгіі". Нагадаем, што лідар АГП прапанаваў наступныя пункты: вызваленне палітвязняў, свабодныя сумленныя выбары, план мадэрнізацыі для Беларусі. "Спадзявацца ад Лукашэнкі "мадэрнізацыі Беларусі" і "вольных сумленных выбараў" могуць толькі людзі не ад свету гэтага альбо закончаныя нягоднікі", — заяўляе Пазьняк.
Таксама крытыкуе палітэмігрант і заяву, якую 8 красавіка падпісалі Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Уладзімір Някляеў. Па яго словах, гэты дакумент засведчыў падтрымку курсу на "дыялог" Брусэля з антыбеларускім рэжымам.
Нагадаем, што 9 красавіка ў Брусэлі ў Еўрапарламенце адбываецца канферэнцыя "Дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам".