Педагогам і медыкам з 1 верасня павысяць заробкі

Педагогам і медыкам з 1 верасня павысяць заробкі

У IV квартале 2018 года заробкі бюджэтнікаў перавысяць 80% сярэдняга заробку па краіне. Пра гэта агенцтву БЕЛТА заявіў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.

30 жніўня Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў праект пастановы Саўміна "Аб устанаўленні памеру тарыфнай стаўкі першага разраду і павышэнні заработнай платы асобным катэгорыям работнікаў". Згодна з гэтай пастановай, з 1 верасня будуць павышаныя заробкі асобным катэгорыям работнікаў адукацыі ды аховы здароўя.

Напрыклад, педагогам (у тым ліку прафесарска-выкладчыцкаму складу) і памочнікам выхавальнікаў дзіцячых садкоў тарыфныя стаўкі павысяць на 20%. Даплаты лекараў і медсёстраў вырастуць на 20% і 13% адпаведна. Аклады правізараў, фармацэўтаў, фізікаў, хімікаў, біёлагаў павысяцца ад 40% да 100%.

Акрамя таго, з 1 кастрычніка павялічыцца тарыфная стаўка першага разраду — з 34 рублёў да 35,5 рубля — на 4,4%. 

"Гэтыя меры дадуць магчымасць забяспечыць узровень заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы у 2018 годзе на ўзроўні 742 рублёў, у чацвёртым квартале гэтага года яна складзе ў сярэднім 800 рублёў, гэта значыць, суадносіны 80% да сярэдняй заработнай платы па краіне будуць забяспечаныя", — канстатаваў Андрэй Лабовіч.

Чыноўнік дадаў, што на гэта будуць накіраваныя дадатковыя сродкі кансалідаванага бюджэту — каля 500 мільёнаў рублёў. Грошы будуць пералічаныя за кошт сфармаванага рэзервовага фонду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі