Першыя жаваронкі прыляцелі сёлета ў Беларусь пазней, чым звычайна
Першыя жаваронкі сёлета прыляцелі ў Беларусь пазней, чым звычайна. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавялі ў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ).
Палявыя жаўрукі заўсёды вяртаюцца з выраю рана. Апошнія два гады яны вярталіся да нас яшчэ ў лютым. Але сёлета нават на пачатку сакавіка ўсё яшчэ захоўваюцца снег і маразы, таму птушкі вярнуліся пазней.
"Першымі з выраю вяртаюцца самцы палявых жаўрукоў. Яны хочуць паспець заняць лепшыя месцы для гнездавання. Раней за ўсіх прылятаюць самыя моцныя і дужыя, тыя, у каго больш за ўсё шанцаў абзавесціся нашчадкамі", — удакладніў дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі.
У другой дэкадзе сакавіка ў Беларусь звычайна вяртаюцца першыя буслы, у першай палове красавіка — вясковыя ластаўкі і зязюлі.