Пхёнчхан. Тры беларускія сцягі на трыбунах і акцыі пратэсту на любы густ

Пхёнчхан. Тры беларускія сцягі на трыбунах і акцыі пратэсту на любы густ

Гульні ў Карэі ўпэўнена набіраюць ход. Арганізацыя часам спатыкаецца, але ў цэлым усё гладка. З Сеула і іншых буйных цэнтраў ходзяць экспрэсы. Ад станцый да аб'ектаў развозяць зручныя аўтобусы з wifi. Паўгадзіны — у горы, дзесяць хвілін — да мора. На спартыўных аб'ектах таксама ёсць сувязь, але яна не заўсёды спрацоўвае з-за вялікай колькасці запытаў.

У прыбярэжным кластары трохі зручней — алімпійскі парк і алімпійская вёска знаходзяцца ў межах горада. І канькабежны авал, арэна фігурнага катання і шорт-трэка і хакейны цэнтр знаходзяцца побач. У горным кластары усе стаяць асобна адзін ад аднаго. Часам пасля вячэрніх спаборніцтваў шатлаў менш, чым гледачоў, але ў цэлым карэйцы спраўляюцца.

Спартсменаў таксама развозяць шатлы, але пры жаданні можна дайсці пешшу. У Пхёнчхане ад вёскі да біятлоннага цэнтра менш за кіламетр, і перад спаборніцтвамі, калі прыехаць загадзя, можна сустрэць Рыка Гроса, які прагульваецца, або фінскіх лыжнікаў на прабежцы.

Алімпійскія гульні, вядома, мабілізуюць пратэстоўцаў ўсіх кшталтаў, але пратэстуюць яны ў строга адведзеных месцах — ля алімпійскага стадыёна і каля станцый. Галоўная тэма — карэйская, у аб'яднанай каманды Карэі ёсць прыхільнікі, але ёсць і праціўнікі. Яны стаяць адзін насупраць аднаго і б'юць у барабаны.

Паліцыя стаіць тут жа, але не ўмешваецца. Ну, а самыя актыўныя — рэлігійныя арганізацыі. Яны ёсць усюды, усюды раздаюць брашуры і прапануюць выратаванне.

Са спартовымі дасягненнямі пакуль поспехаў няма. Не фінішаваў у скіятлоне з-за спазму бронхаў на марозе Сяргей Далідовіч, праваліўся спрынт у Дар'і Домрачавай і астатніх біятланістак. Канькабежку Марыну Зуеву дыскваліфікавалі за няправільнае перастраенне на дарожцы, хоць нават і без гэтага яе фінішнае месца было далёкім ад прызавых. Лыжніцы не прайшлі кваліфікацыю ў спрынце, Аляксандр Воранаў выбыў у чвэрцьфінале.

У біятлоннай гонцы праследавання чакалі цудаў, але іх таксама не здарылася. Дар'я "застрэлілася", дапусціўшы шэсць промахаў і фінішаваўшы толькі 37-й. Пасля заканчэння гонкі яна хутка шмыгнула ў пункт кантролю і не стала размаўляць з журналістамі. Гэтак жа хутка з'явіўся на стрэльбішчы і сышоў яе муж, славуты Уле Эйнар Бьёрндален.

Затое на трыбунах выявіліся беларускія сцягі, цэлых тры. Лёня з Гомеля выпадкова апынуўся на спаборніцтвах, але "не падтрымаць не мог". Двое іншых — далёкаўсходнія беларусы, з Хабараўска, таксама прыехалі са сцягамі пабалець за зборную. Тут жа сярод гледачоў хадзіў беларускі біятланіст, а цяпер функцыянер расійскага саюза біятланістаў Віктар Майгураў.

"Вядома, за ўсіх балею, — кажа ён. — Пакуль не атрымліваецца перамагчы Дальмаер, але трэба старацца. Веру ў Дар'ю".

Следам за жаночай гонкай пабеглі ў праследаванні мужчыны. Пасля спрынту і 8 месца перамог Мартэн Фуркад, які стаў трохразовым алімпійскім чэмпіёнам.

Надзея Прусянкова, спецыяльна для Еўрарадыё, Пхёнчхан.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі