Пластычныя аперацыі будуць рабіць у Бабруйску
Па словах хірургаў, найчасцей да іх звяртаюцца з просьбай зрабіць ліпасакцыю або падцяжку жывата. Але на аперацыйны стол трапляе толькі трэцяя частка жадаючых з
Цэнтральная бабруйская лякарня атрымала ліцэнзію на правядзенне пластычных аперацый. Цяпер, каб падцягнуць скуру твару, зрабіць карэкцыю вушных ракавін, ліпасакцыю або змяніць форму грудзей ці носа, жыхарам Бабруйска не давядзецца ехаць у Мінск.
Дарэчы, пасля ўказа прэзідэнта № 198, які ўступіў у сілу 14 траўня, усе паслугі патаннеюць. Праца хірурга будзе каштаваць каля мільёна рублёў. Іншая справа — кошт імплантантаў (напрыклад, для карэкцыі формы грудзей), якая даходзіць да некалькіх тысяч долараў — гэтыя грошы не ўваходзяць у кошт аперацыі і кліент мусіць набываць ўсё неабходнае сам, пасля кансультацыі з лекарам.
“З гэтага года кошты на саму паслугу аднолькавыя па ўсёй краіне, ― распавёў Еўрарадыё вядучы хірург Бабруйскай лякарні Сяргей Жук. ― Іншая справа дадатковыя паслугі: наяўнасць нейкай палаты, наяўнасць лядоўні, тэлевізара. Гэта асобная паслуга”.
У сувязі з гэтым людзі часцей звяртаюцца за больш таннымі аперацыямі, якія не патрабуюць набыцця дарагіх імплантантаў. Па словах Сяргея Жука, самымі папулярнымі ў Беларусі пакуль з’яўляюцца аперацыі па ліпасакцыі і падцяжцы жывата ў жанчын пасля родаў.
Таксама папулярныя аперацыі па карэкцыі вушных ракавін, змяненні формы носа. Але, як адзначае спецыяліст, на аперацыйны стол, як правіла, трапляе толькі трэцяя частка жадаючых змяніць сваю знешнасць.
“Колькасць тых, што звярнуліся — гэта адно, і колькасць праведзеных аперацый — гэта іншае, ― кажа хірург. — Пасля размовы з пластычным хірургам, з паказаннямі і супрацьпаказаннямі, аперыруецца толькі 30%”.
Пластычныя аперацыі бабруйская лякарня будзе рабіць усім жадаючым, калі ў іх няма медыцынскіх супрацьпаказанняў.
“Мы арганізацыя медыцынская і пытанне ў прынцыпе медыцынскае, і вырашаць каму гэта паказана: раёну, гораду ці набліжаным абласцям, я думаю, не зусім дарэчна, ― адзначае спецыяліст. ― Як і любая медыцынская дапамога паслугі пластычнай хірургіі будуць аказвацца усім ахвотным. Калі замежнікі маюць жаданне, то калі ласка”.
Аднак замежнікам аперацыі абыдуцца даражэй. Для гэтага ёсць спецыяльны прайс-ліст і рэкамендацыі Міністэрства. Тым не менш, адзначыў хірург, нават у гэтым выпадку пластычная хірургія ў Беларусі ўжо цяпер нашмат таннейшая, чым у Еўропе ці Расіі.
Сярод бабруйчан меркаванні наконт неабходнасці пластычнай хірургіі ў паўсядзённым жыцці разыходзяцца кардынальна. У жаночай аўдыторыі размова пра пластычную хірургію, як ні дзіўна, выклікае найчасцей адмоўную рэакцыю — большасць маладых бабруйчанак лічаць, што змяняць у іх знешнасці нічога не варта.
“Не, ніколі! Толькі калі, не дай Бог, якая-небудзь аварыя ці нешта такое, і тэрмінова спатрэбіцца”.
“У прынцыпе, кожны чалавек добры па-свойму. То бок калі ён будзе поўны ці яшчэ, то я не лічу патрэбным… За мяжой свая сістэма, у іх там нейкія свае паняцці. Я лічу, што кожная дзяўчына павінна быць такой, якая яна ёсць”.
“Я карыстацца паслугамі не буду. Прыгажосць даецца ад Бога. Што ёсць, тое ёсць. Жанчына павінна даглядаць сябе”.
А вось хлопцы думаюць інакш: вялікая колькасць апытаных бабруйчан лічаць, што ў пластычнай хірургіі вялікія перспектывы, і дзякуючы ёй, дзяўчаты навокал зробяцца прыгажэйшымі.
“Вядома, хацелася б, каб тут былі нейкія паслугі па пластычнай хірургіі. Вядома, у Беларусі гэта будзе танней, чым у Расіі. І я толькі “за”!
“Я дакладна лічу, што я нічога не буду змяняць, а вось многім дзяўчатам я б параіў звярнуцца (смяецца) да пластычных хірургаў. І на самай справе многія дзяўчаты жадаюць гэта зрабіць”.
“Ну, калі мая дзяўчына захоча, то мы гэта абмяркуем, але не факт, што я захачу”.
Фота — Еўрарадыё; sal-on.ru