Платна або брудна: што не так з пляжным сезонам у Баку

"Са сваімі кавуном і дыняй нельга". Таблічка на адным з бакінскіх пляжаў / Мэйдан ТБ
"Са сваімі кавуном і дыняй нельга". Таблічка на адным з бакінскіх пляжаў / Мэйдан ТБ

Пляжны сезон у сталіцы Азербайджана афіцыйна пачынаецца 15 чэрвеня і можа доўжыцца да сярэдзіны кастрычніка, калі тэмпература паветра тут складае крыху ніжэй за 30 градусаў. Без выключэння на ўсіх бакінскіх пляжах шмат жоўтага пяску і амаль усюды мелкаводдзе, што робіць іх прывабнымі практычна для ўсіх — для дарослых, дзяцей, тых, хто ўмее і хто не ўмее плаваць.

Але не ўсё так бясхмарна на бакінскім беразе Каспія. Адпудзіць мясцовых і замежных турыстаў можа, напрыклад, немагчымасць пазагараць на беразе бясплатна. Ужо на працягу некалькіх гадоў з пачаткам пляжнага сезона падымаецца праблема платных пляжаў. Тут прыходзіцца плаціць за ўсё: за паркоўку, пляжныя столікі і парасоны. Са сваёй ежай на гэтыя пляжы таксама нельга. Напрыклад, з кавуном або дыняй. Пра гэта паведамляюць таблічкі, устаноўленыя проста каля ўвахода на пляж.

Бясплатна значыць брудна

Бясплатныя пляжы ў Баку ўсё ж ёсць. Але тут адпачывальнікі скардзяцца на антысанітарыю. На беразе і ў моры шмат смецця, няма сметніц, раздзявалак, душавых кабінак.

"На жаль, пляжы ў Азербайджане брудныя. Вада, пясок, людзі выдатныя. Гэта добра, што яны бясплатныя, але на пляжы шмат шкляных і пластыкавых бутэлек і іншага смецця", — дзеліцца з Мэйдан ТБ сваімі ўражаннямі турыст з Амерыкі.

Мясцовыя наракаюць на адсутнасць сметніц, і таму, на іх думку, людзі кідаюць смецце куды папала.

"Хтосьці павінен за гэтым сачыць, стаіць толькі адна бочка для смецця, а гэтага мала", — кажа мясцовы адпачывальнік.

За марскую ваду плаціце

А вось адпачыць на чыстых, але платных пляжах не ўсе могуць сабе дазволіць. Сёлета бакінская мэрыя сур'ёзна азадачылася гэтым пытаннем. І на пачатку пляжнага сезона заявіла, што браць плату за ўваход на пляж незаконна.

Супрацоўнікі Дэпартамента гандлю і паслуг Выканаўчай улады горада Баку правялі рэйды на многіх пляжах, падчас якіх прыбралі шлагбаумы і таблічкі з цэнамі. Прадпрымальнікам зрабілі папярэджанне аб тым, што ўваход на тэрыторыю пляжаў павінен быць бясплатным.

"Высветлілася, што на некаторых пляжах у наведвальнікаў бяруць грошы за выкарыстанне марской вады. Мэта рэйду заключаецца ў выкараненні падобных выпадкаў... Маніторынгі будуць працягвацца перыядычна", — паабяцаў журналістам старшы кансультант Дэпартамента гандлю і паслуг ВУ Баку Байрам Гасанаў.

На справе ж аказалася, што рэйды адчувальна сітуацыю не палепшылі. Шлагбаумы сапраўды дэмантавалі, але столікі і парасоны па-ранейшаму платныя, ды і са сваёй ежай людзей таксама не пускаюць. А напоі і ежа на тэрыторыі пляжа каштуюць нашмат даражэй, чым на рынку.

Платно или грязно: что не так с пляжным сезоном в Баку
Бакінскі пляж, жнівень 2019 года / Мэйдан ТБ

Грамадскія не значыць бясплатныя

У пачатку жніўня многія праўрадавыя СМІ напісалі пра адкрыццё ў Баку па ініцыятыве дачкі прэзідэнта Азербайджана Лэйлы Аліевай грамадскіх пляжаў "у якасці альтэрнатывы прыватным пляжам". У цэлым абяцаюць адкрыць сем такіх пляжаў з парасонамі, раздзявальнямі, душавымі кабінкамі, санвузламі, альтанкамі, увогуле ўсім тым, чаго да гэтага часу так моцна не хапала на бясплатных пляжах. Таксама абяцалі, што на гэтых пляжах "карыстанне паслугамі будзе бясплатным".

Праўда, па словах мясцовай жыхаркі, якая ўжо паспела пабываць на "новым" грамадскім пляжы, з адпачывальнікаў патрабуюць плату за столікі і парасоны. Тых, хто адмаўляецца плаціць, просяць пакінуць тэрыторыю пляжа.

Платныя пляжы — перашкода для развіцця турызму

У апошнія гады азербайджанскі ўрад адным з прыярытэтных кірункаў аб'явіў развіццё турызму. Летась кампанія Bloomberg уключыла краіну ў "Топ-10" самых хуткарослых тур-кірункаў 2018 года.

Паводле афіцыйных даных, Азербайджан за першыя пяць месяцаў 2019 года наведалі 1,4 мільёна замежных турыстаў. Гэта на 6,5% больш, чым летась. Не дзіўна, што многіх з іх прыцягваюць менавіта цёплае мора, жоўты пясок і ўмераны клімат. Але, мяркуючы па ўсім, праблему платных пляжаў, якая турбуе многіх, не атрымаецца вырашыць і сёлета.

Пры падтрымцы "Медиасети"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі