Полацкая пракуратура высветліла, што ў мясцовых ФАПах няма абавязковых лекаў
Фельчарска-акушэрскі пункт у Полацкім раёне / polmed.by
Пракуратура Полацкага раёна праверыла працу раённых фельчарска-акушэрскіх пунктаў (ФАП). Высветлілася, што ў большай частцы ФАПаў раёна адсутнічаюць абавязковыя лекавыя сродкі. Пры гэтым у пракуратуры лічаць, што вінаватыя медыкі — яны не займаліся своечасовай "зверкай асартыменту і падачай заявак на набыццё неабходных прэпаратаў".
Ёсць пытанні і да некаторых работнікаў дзіцячай паліклінікі. Яны не захоўвалі перыядычнасці наведвання дома дзяцей да года і не дапамагалі атрымліваць бясплатныя лекі маленькім пацыентам да трох гадоў.
У справаздачы пракуратуры гаворыцца і пра карупцыю — пра асаблівасці "арганізацыі дзейнасці ў сферы платных паслуг". Але якія канкрэтна факты былі выяўленыя, у пракуратуры не расказалі. Паведамілі толькі, што паводле вынікаў праверкі ад Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы запатрабавалі ліквідаваць "выкрытыя хібы і недахопы ў працы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.