Польскі аналітык: Мы павінны дбаць пра Беларусь роўна столькі ж, як пра Украіну
Мітынг беларусаў у Варшаве / Еўрарадыё
Менш як праз два месяцы ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Агітацыйная кампанія праходзіць на фоне небывалай небяспекі, якую палякі адчуваюць з беларускага боку. На мяжы — беларускія верталёты і нашэсце мігрантаў. Крыху далей — вагнераўцы. Рэжым Лукашэнкі культывуе нянавісць да палякаў, сістэмна пераследуе ўладальнікаў карты паляка і разбурае польскія могілкі.
Як “беларускае пытанне” ўплывае на вынікі выбараў? Ці карыстаецца праблемамі польскіх уладаў на Усходзе апазіцыя? Хто ўвогуле стаіць у апазіцыі да кіраўнічай партыі “Права і справядлівасць”, і якая пазіцыя гэтых людзей па Беларусі? Размаўляем пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв’ю з польскім публіцыстам і аналітыкам Славамірам Серакоўскім.
Еўрарадыё: Варшава дужа нервуецца праз сітуацыю з вагнераўцамі. Нават апошнія памежныя пераходы пагражае закрыць. Пры гэтым эксперты кажуць, што вагнераўцы рэальнай пагрозы для Польшчы не ўяўляюць. Чаму тады да іх так шмат увагі?
Славамір Серакоўскі: Уся гэтая сітуацыя з агароджай [на польска-беларускай мяжы], шчыра кажучы, даволі абсурдная. Улады Польшчы карыстаюцца ёю для прапаганды. Памятайце, калі ласка, што звонку гэтыя ўлады: Анджэй Дуда, Матэвуш Маравецкі, Яраслаў Качыньскі — могуць здавацца дэмакратычнымі і ліберальнымі, асабліва ў параўнанні з пуцінскай Расіяй. Але, насамрэч, у Еўропе яны лічацца папулісцкімі і скрайне правымі. І сканцэнтраваныя яны перадусім на самазахаванні. Неліберальнымі, недэмакратычнымі мэтадамі.
Еўрарадыё: То-бок польскія ўлады не сур’ёзна ставяцца да вагнераўцаў? Справа толькі ў прапагандзе?
Славамір Серакоўскі: Вядома, вагнераўцы — брутальныя, небяспечныя бандыты. Яны могуць ладзіць правакацыі на мяжы і, напэўна, будуць гэта рабіць. Аднак ніхто не верыць у пагрозу, што яны ўварвуцца ў Польшчу.
Хаця трэба памятаць, што польскае войска моцна аслабленае гэтымі уладамі. У 2015 годзе з яго выключылі лепшых камандзіраў. Улады ставяцца да ўсіх, хто меў кантакты з іх папярэднікамі, нават да вайсковых, як да ворагаў. А цяпер яны хутка набываюць за мяжой зброю, якая магла тут быць ужо некалькі гадоў таму.
Славамір Серакоўскі — публіцыст, сацыёлаг, палітычны аналітык, даследчык Нямецкага інстытута знешняй палітыкі (DGAP), сузаснавальнік выдання Krytyka Polityczna. Улетку 2022 года ён арганізаваў паспяховы збор на набыццё беспілотніка Bayraktar для Украіны.
Еўрарадыё: Ці гатовая Польшча ў адказ на правакацыю з боку вагнераўцаў прымяніць зброю? Нават на тэрыторыі Беларусі, калі спатрэбіцца?
Славамір Серакоўскі: Не, я ў гэта не веру. NATO вельмі пільнуе, каб не было прамога канфлікту з Расіяй, таму ніякіх канфліктаў у Беларусі быць не павінна. Аднак калі б вагнераўцы перайшлі мяжу або калі б нейкія беларускія войскі перайшлі мяжу, дык польскі бок, безумоўна, страляў бы.
Славамір Серакоўскі: У Польшчы наўрад ці хто разумее, што адбываецца ўнутры Беларусі. Мне здаецца, гэта мала каго сапраўды цікавіць. Канцэнтрацыя на Украіне настолькі моцная, што на Беларусь не хапае ўвагі. Акрамя таго, ва ўладаў у значнай ступені атрымалася супакоіць людзей гэтым плотам. Памятайце таксама, што калі ў Польшчу прыяжджаюць уцекачы з Украіны ці Беларусі, палякі глядзяць на іх інакш, чым на мігрантаў з Іраку ці Сірыі.
Яшчэ адзін парадокс: толькі летась “Права і справядлівасць” прапусціла ў Польшчу 130 тысяч мігрантаў з Блізкага Усходу, Азіі, Узбекістана, Казахстана і Індыі. Атрымліваецца, гэтая ўлада, з аднаго боку, пускае найбольшую колькасць мігрантаў у гісторыі, а з іншага — робіць прапагандысцкія спектаклі, як з беларускай мяжой. На жаль, іх не цікавіць лёс беларусаў, для якіх закрыццё мяжы з’яўляецца пагрозай.
Еўрарадыё: Кіраўнік МУС Польшчы кажа, што праз вагнераўцаў Лукашэнка хоча дэстабілізаваць абстаноўку перад выбарамі. Наколькі гэта рэальна?
Славамір Серакоўскі: Я памятаю, як быў у Мінску падчас пратэстаў і запрасіў на інтэрв’ю Дональда Туска, які на той момант быў важным еўрапейскім палітыкам. Ён мне тады сказаў, што беларуская апазіцыя атрымае столькі сродкаў, колькі зможа выкарыстаць. Ён вельмі заангажаваны ў пытанні свабоды і незалежнасці Беларусі. Як і Павел Коваль [дэпутат Сейма ад Грамадзянскай Кааліцыі. — Еўрарадыё] ці Радэк Сікорскі.
Таму Лукашэнку не выгадная змена ўладаў у Польшчы. Я думаю, што Качыньскі павінен яму больш падабацца, бо той разбурае адзінства Еўрасаюза, аслабляе Польшчу і польскую дэмакратыю, робіць краіну ўсё больш аўтарытарнай, і яе ўсё больш не любяць за мяжой. Такім чынам, калі Крэмль і беларускі дыктатар сапраўды захочуць умяшацца ў выбары і дапамагчы апазіцыі, дык падрыхтуюць сабе вяроўкі вакол шыі.
Еўрарадыё: Днямі Лукашэнка заявіў, што даручыў свайму прэм’еру патэлефанаваць у Польшчу і прапанаваць план міру і добрасуседства. На ваш погляд, чаму раптам змяняецца рыторыка? Такія заявы ўзгодненыя з Пуціным?
Славамір Серакоўскі: Цяжка сказаць. Лукашэнка заўсёды быў разумнейшы за Пуціна і шмат гадоў вельмі эфектыўна яго падманваў. Я думаю, што як толькі ён адчуе сябе крыху мацнейшым, а Расія будзе слабейшай, ён зноў будзе гуляць у сваю, незалежную ад Крамля гульню. Лукашэнкаўская гульня заўсёды заключалася ў тым, каб хаця б мінімальна паразумецца з Захадам і пры гэтым атрымаць выгаду ад супрацоўніцтва з Масквой.
Еўрарадыё: Рэакцыя польскага боку на гэтую заяву — спыненне атак на мяжы і вызваленне палітвязняў. Не толькі Андрэя Пачобута, а ўсіх палітзняволеных. Што можа прымусіць Лукашэнку пайсці на такія крокі?
Славамір Серакоўскі: У цяперашняй сітуацыі я не думаю, што яго нешта можа пераканаць, таму што канфлікт Захаду з Расіяй вельмі востры. Я мяркую, што калі Украіна дасягне ваеннага поспеху, Пуцін стане палітыкам, якога ў Крамлі палічаць няўдачнікам, і там пачнецца нейкі хаос, тады Лукашэнка застанецца адзін і будзе спрабаваць сябраваць з Захадам. І тады абсалютная перадумова любых перамоваў — вызваленне палітвязняў.
Славамір Серакоўскі: Я лічу, што дзеянні лідараў, і асабліва лідарак беларускай апазыцыі, проста вельмі добрыя і эфектыўныя. Тое, што адбылася сустрэча Джо Байдэна і Святланы Ціханоўскай, азначае, што да яе ставяцца як да законнай прэзідэнткі Беларусі. Трэба сказаць, што Ціханоўская не памыляецца, то-бок яна паводзіць сябе вельмі-вельмі разумна, яна вельмі эфектыўная палітык. Нават калі раней яна думала, што не палітык, дык цяпер ім стала. Сёння яна сапраўдная лідарка.
Яна пакідае выдатнае ўражанне ў еўрапейскіх салонах. Яна вельмі добрая ў наўпростым сэнсе. Магчыма, яна не падобная да Біла Клінтана ці Тоні Блэра, але ў яе свая ўнікальная і вельмі пазітыўная аўра. Акрамя таго, Беларусь знаходзіцца ў такім становішчы, у якім яна знаходзіцца, таму Ціханоўская не можа быць палітыкам з усмешкай на твары. І гэта цалкам натуральна.
Павел Латушка вельмі актыўны ў Польшчы. Ён шукае кантакты са СМІ, а таксама стараецца кантактаваць з польскімі палітыкамі і дыпламатамі. Я ведаю, што яго вельмі цэняць, напрыклад, амбасадары іншых краін у Польшчы. І гэта вельмі добра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.