Польскія памежнікі папярэджвалі беларусаў пра лясны пажар, але тыя не адказвалі

Польскі памежнік сочыць за лесам / https://twitter.com/Straz_Graniczna
Польскі памежнік сочыць за лесам / https://twitter.com/Straz_Graniczna

Польскія памежнікі распавялі пра тое, як не маглі датэлефанавацца да беларускіх памежнікаў, каб папярэдзіць пра лясны пажар на беларускім баку мяжы. Здарэнне адбылося ў нядзелю. Польскія памежнікі на Аўгустоўшчыне заўважылі ўзгаранне ў РБ і пачалі тэлефанаваць. Але паўгадзіны ніхто не браў слухаўку, а агонь распаўсюджваўся. На польскім баку адпаведныя службы ўжо падрыхтаваліся да барацьбы з пажарам, калі б ён перакінуўся праз мяжу. Беларусы з'явіліся на месцы ўзгарання толькі праз гадзіну, і ліквідавалі яго.

У панядзелак раніцай у тым жа месцы зноў узнік пажар. І зноў польскія памежнікі тэлефанавалі беларусам, а тыя не адказвалі. Ліквідацыя пажару на беларускім баку мяжы зноў пачалася толькі праз гадзіну.

Польскія памежнікі адзначаюць, што падобныя выпадкі, калі яны заўважалі лясныя пажары на беларускім баку мяжы, не першыя. Яны мяркуюць, што да іх узнікнення могуць мець дачыненне мігранты, якіх "беларускія службы накіроўваюць у раён польска-беларускай мяжы... для незаконнага перасячэння мяжы нашай дзяржавы".

У траўні Польская памежная служба заявіла, што пажары ў Белавежскай пушчы маглі ўзнікнуць з-за дзеянняў мігрантаў. Беларусы, пасля атрымання ад палякаў інфармацыі пра ўзгаранні, іх ліквідавалі. Падобнае здарэнне адбылося і каля мяжы Беларусі з Латвіяй. Латвійскія памежнікі выказалі меркаванне, што прычынай пажару маглі стаць мігранты, якія спрабуюць нелегальна патрапіць у ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі