Пажары ў Белавежскай пушчы маглі ўзнікнуць з-за дзеянняў мігрантаў
Пажар у Белавежскай пушчы / podlaski.strazgraniczna.pl
Пажары ў Белавежскай пушчы маглі ўзнікнуць з-за дзеянняў мігрантаў. Такое меркаванне выказалі ў Польскай памежнай службе, якая ў сераду двойчы паведамляла беларускім памежнікам пра выяўленыя ў пушчы на тэрыторыі РБ узгаранні. Першае здарэнне адбылося апоўдні, другое — увечары. Беларусы, пасля атрымання ад палякаў інфармацыі пра ўзгаранні, іх ліквідавалі.
Падобнае здарэнне адбылося каля мяжы Беларусі з Латвіяй. Латвійскія памежнікі выказалі меркаванне, што прычынай пажару маглі стаць мігранты, якія спрабуюць нелегальна патрапіць у ЕС.
Як вядома, беларускія памежнікі не перашкаджаюць знаходжанню мігрантам з краін Азіі і Афрыкі ў памежнай зоне з краінамі ЕС (у апошніх нярэдка заяўляюць, што беларускія сілавікі дапамагаюць мігрантам). Тыя ж у чаканні пераходу паляць у лясах вогнішчы, што можа прывесці да небяспечных сітуацый.
Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі пра пажары 10 траўня ў Белавежскай пушчы не паведамляла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.