Польскія студэнты: “Мы не галасуем, бо лянота было ехаць дадому за паперкай"

У дзень прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы Еўрарадыё высвятляла, як галасуюць польскія студэнты.
Сёлетняя перадвыбарчая кампанія ў Польшчы праходзіла ў экспрэс-тэмпе. Кандыдаты ў прэзідэнты мелі толькі 2 месяцы, каб пераканаць людзей у сваёй праваце і заахвоціць увогуле аддаць голас. У агіткампанію “Кожны голас мае сэнс” уключыліся нават папулярныя акцёры серыялаў, якія ў рэкламных роліках заклікалі прыйсці на выбары:

“Выбары гэта не шлюб! Не трэба кахаць кандыдата, хопіць, каб ён толькі крыху падабаўся. Але ўвогуле не ісці на выбары гэта баязлівасць”. 

Каб электарат не раз’ехаўся па пляжах ды курортах, забыўшыся пра грамадзянскія абавязкі, улады дазволілі палякам галасаваць у любым месцы. Для гэтага дастаткова было толькі ўзяць адпаведную паперку па месцы жыхарства. Маршал сейма Браніслаў Камароўскі на ўласным прыкладзе паказаў, як гэта хутка.

Браніслаў Камароўскі: “Шаноўнае спадартсва, гэта вельмі проста. Трэба толькі з пашпартам прыйсці ў вашу раённую ўстанову, каб атрымаць спецыяльную паперку.. Я ўсіх вельмі заахвочваю, бо надыйшоў сезон адпачынкаў, усе едуць на выходныя на мора або на азёры, таксама на розныя фестывалі. Таму кожны, хто знаходзіцца не дома, можа ўзяць такую паперку. Прагаласваў — і можна спакойна адпачываць”.

Такую магчымасць проста не маглі абмінуць польскія студэнты, якія на лета засталіся працаваць у Варшаве. Як даведалася Еўрарадыё ад будучага сацыёлага Агнешкі, за адмысловымі паперкамі многія спецыяльна ездзілі дадому.

Агнешка: “Я сёння збіраюся пайсці на выбары. Я спецыяльны дакумент атрымала, каб можна было ў Варшаве выканаць свой грамадзянскі абавязак і аддаць голас. Гэта вельмі важныя выбары і шмат хто турбуецца, каб Польшча сапраўды была салідарнай краінай, дзе будзе добра жыць ўсім”.

Студэнтка філалогіі Караліна з заходняй Польшчы сёлета галасуе ў Варшаве ўжо ў другі раз. Негледзячы на тое, што ні адзін з кандыдатаў ёй не падабаецца, марнаваць голас —апошняя справа, лічыць яна.  

Караліна: “У першым туры я так галасавала, і цяпер збіраюся ў другім аддаць свой голас падобным чынам. На папярэдніх выбарах такой магчымасці не было, і мне трэба было спецыяльна ў дзень галасавання ехаць у свой горад. А цяпер не, і так найбольш зручна для ўсіх”.

А вось студэнт юрыдычнага факультэта Павел шчыра прызнаўся Еўрарадыё, што ехаць дадому яму было лянота. Таму на выбары 4 ліпеня ён увогуле не пойдзе. 

Павел: “Мне не хацелася браць пасведчанне па месцы пастаяннай прапіскі і таму я сёння не галасую. Ну цяпер я можа ўжо і шкадую крыху, таму што, вядома, кожны грамадзянін павінен прыняць удзел у выбарах”.

Не з’явіцца на выбарчым участку і студэнт філасофіі Міхал. Ехаць дадому яму трэба каля 8 гадзін, а паміж сесіяй і працай на гэта не хапіла часу.

Міхал: “Я не збіраюся галасаваць. Я не паспеў узяць паперку. Вядома, калі б я больш пастараўся з вучобай, то можа б і хапіла часу. А так увогуле, то я б выкрэсліў абодвух гэтых кандыдатаў, бо ніводзін мне не падабаецца. Таму я і не галасую”.

Аргументы Браніслава Камароўскага і Яраслава Качыньскага не трапілі таксама і да будучага археолага Пётрэка.

Пётрэк: “Я не зрабіў сабе дакумент, бо жыву ў Свентакшыскім ваяводстве, а гэта даволі далёка. Ну і неяк так атрымалася. Нейкае маё упушчэнне можа таксама было, але тыя, кандыдаты, што стартуюць у выбарах, мяне не пераконваюць”.



Фота: wiadomosci24.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі