Pomidor/OFF – Патас/Попс/Прапаганда

111223 Agljadacha.mp3

Новы альбом гурта Pomidor/OFF “Патас/Попс/Прапаганда” прыхільнікі гурта чакалі цягам васьмі год. А некаторыя з іх, будзем аб’ектыўнымі, ужо і забыліся, нават, на існаванне гэтай каманды. Таму на новы альбом варта было б ускласці місію другой папулярызацыі гурта. Лічу, што ўсе падставы для гэтага ёсць. Канешне, дыск, над якім працавалі столькі часу, варта б было зрабіць, так бы мовіць, стоадсоткавым. То бок, чакалася, што кожная песня “трох пэ” будзе чапляць і на доўга заставацца ў спісе ўласных хітоў слухача. Але на жаль такога няма. Калі цалкам, то альбом слухаецца вельмі арганічна, праўда некаторыя тэмы пакідаюць відавочна больш уражанняў.


Калі стылістычна параўноўваць “Патас/Попс/Прапаганда” з мінулым альбомам “Свята пакрадзенае”, то яны вельмі розныя. Новы дыск больш шырокі стылістычна, больш лёгкі і багаты на аранжыроўкі. Не магу асобна не адзначыць ударныя партыі – складаныя і вельмі розныя нават у межах адной песні. Абсалютна чуваць і тое, што на басу грае гітарыст Сяргей Канановіч. Чуваць, бо падыход да басухі ў яго менавіта гітарны. Лідар гурта Аляксандр Памідораў расказаў, што на адной з рэпетыцый ён раззлаваны на калегаў найграў для чарговай песні класічны папсовы квадрат. А хлопцы сказалі: “О нармальна! Зараз зробім!” (песня “Адзін”)


Працягваючы размову пра стылістыку альбома, то некаторыя песні чымсьці ўсё ж нагадваюць папярэдні. Але што ж тут дзіўнага!? Усё ж граюць іх тыя ж людзі, ды і напісаныя яны былі амаль адразу пасля выхаду “Свята пакрадзенага”. Гутарка зараз вядзецца пра “Прагны”, “Ну і што?” ды “Хлусню”. Дарэчы, апошняя прадстаўлена на дыску ў двух варыянтах – цэнзураваным і не.


Агулам на дыску 13 песень, плюс два бонусы. Але я б вынес у лік бонусаў і перапрацаваную версію “Шабаноў”, якая ўжо выходзіла на “свяце”. Але… Дарэчы, цэнзураваная версія “Хлусні” знаходзіцца менавіта ў бонусах, як бы намёк на тое, што яна не ў альбоме. Маўляў у альбоме ўсё без цэнзуры. Другі бонусны трэк дыска – песня на музыку HastaLaFillsta, а словы і спевы Аляксандра Памідорава (“Ікона”).


Увогуле, альбом “Патас/Попс/Прапаганда” цалкам адпавядае сваёй назве, бо ўтрымлівае ўсе тры гэтыя складнікі. Цікава, што розныя людзі знаходзяць адзін з гэтых складнікаў у розных песнях.


Шкада вось толькі, што Pomidor/OFF амаль зусім адайшоў ад рэпавай начыткі ды хіп-хопу. Нейкае падабенства на гэта знайшлося хіба толькі ў песне “Італьяна”.


Назіраючы за каментарамі тых, хто ўжо паслухаў дыск “Патас/Попс/Прапаганда”, найбольш часта чуеш узгадванне песні “Радыё”, ці “20.12.11”. Але цікава, што ў народзе яна ўжо займела трэцюю і чацвёртую назву “Снайпер на даху” ці проста “Снайпер”. На дыску гэта самая лёгкая, меладычна міленькая песня з цудоўнымі тэкставымі вобразамі. Увогуле усе песні Памідорава, якія былі напісаныя ў адказ на балючыя і важкія падзеі, кранаюць моцна і надоўга. Напэўна, людзей не згодных з гэтым знойдзецца велмі мала. Праўда не зусім зразумела да чаго на пачатку гэтага адказу на снежаньскія падзеі 2011 года гучыць шчодрык у выкананні дзетак. Але гэта выбар музыкаў. Усё роўна для мяне відавочна, што “Радыё” самая моцная песня альбому. Зусім недалёка ад яе знаходзіцца “Дым”, які ўжо даўно быў  прэзентавана на розных парталах і быў пазітыўна ацэнены слухачамі.


Такім чынам, дыск “Патас/Попс/Прапаганда” наўрадці застанецца па-за ўвагай як крытыкаў так і аматараў добрай гітарнай музыкі. А ў гэтым выпадку лепш быць сярод першых, хто яго паслухаў, чым цягнуцца ў апошніх шэрагах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі