Працы ў Курапатах дамовіліся спыніць як мінімум на тыдзень
Працы на будаўніцтве бізнэс-цэнтра каля Курапатаў будуць спыненыя як мінімум на тыдзень Гэта паабяцаў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац 1 сакавіка на сустрэчы з абаронцамі Курапатаў.
На прыём да кіраўніка горада не пусцілі журналістаў. Трапіць змаглі толькі мясцовы жыхар Юрый Сцепанішчаў, палітыкі Павел Севярынец і Аляксей Янукевіч, а таксама журналіст Марат Гаравы.
Сустрэча цягнулася каля дзвюх гадзін. Як распавёў па яе выніках Янукевіч, кіраўнік Мінска прызнаў, што праблема Курапатаў мае агульнанацыянальнае значэнне. Шорац прапанаваў правесці на месцы будаўніцтва археалагічныя раскопкі за кошт забудоўшчыка, каб выявіць, ці пахаваныя там ахвяры рэпрэсій. Таксама ён паабяцаў, што як мінімум на тыдзень будаўніцтва бізнэс-цэнтра будзе прыпыненае.
Абаронцы Курапатаў настойваюць на незаконнасці самой будоўлі. Яны нагадваюць, што ўчастак быў выстаўлены на аўкцыён, калі яшчэ знаходзіўся ў ахоўнай зоне мемарыялу. У адказ на гэта, па словах Янукевіча, кіраўнік Мінгарвыканкаму заявіў толькі, што будаўніцтва тады не вялося.
Тым не менш абаронцы Курапатаў задаволеныя, што ўдалося знайсці агульную мову з уладамі, якія гатовыя выслухоўваць і ісці на саступкі.