Прадстаўнік Сусветнага банка: Беларусі не варта больш пазычаць грошы

Прадстаўнік Сусветнага банка: Беларусі не варта больш пазычаць грошы

За пяць месяцаў гэтага года ў беларускай эканоміцы абазначылася тэндэнцыя станоўчага росту. Калі яна працягнецца, то эканоміка мае шанцы выйсці з рэцэсіі, паведаміў у інтэрв'ю часопісу "PRO Беларусбанк" кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь Ян Чул Кім.

Але якімі б ні былі атрыманыя паказчыкі, краіна будзе заставацца ў дыяпазоне росту ў 0-1 адсотак, дадае ён. "Гэта не тое аднаўленне эканомікі, якое асабіста мне хацелася б назіраць. Я хацеў бы бачыць працяг рэформаў, няхай бы гэта прывяло нават да нязначнага росту. Аднак рэалізаваныя рэформы маглі б стаць добрай платформай для ўстойлівага росту ў будучыні", — тлумачыць сваю думку Ян Чул Кім.

Ён нагадаў, што першыя 15 гадоў незалежнасці Беларусь дэманстравала самыя высокія тэмпы эканамічнага росту сярод краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Да сусветнага фінансавага крызісу 2008 года эканоміка ў сярэднім расла на 8,6% штогод. "Менавіта таму мы не можам быць задаволеныя тэмпамі росту на ўзроўні 1-2 адсоткі ў год", — цытуе яго словы myfin.by. Беларусі неабходныя рэформы, якія забяспечаць рост эканомікі на 4-6% штогод. 

Таксама Ян Чул Кім раскрытыкаваў пазыкі, якія Беларусь бярэ за мяжой. У 2007-м дзярждоўг складаў менш за 2 млрд долараў, цяпер — каля 15 млрд.

"Такая сітуацыя абумоўленая тым, што ўзровень эканоміі сродкаў у Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі складаў каля 25%, гэта ніжэй за ўзровень інвестыцый, якія ў сярэднім складаюць каля 35% ад ВУП", — патлумачыў кіраўнік прадстаўніцтва. Ён мяркуе, што ў дачыненні да Беларусі ўжо ўзнікае заклапочанасць, ці здольная яна пазычаць яшчэ больш грошай звонку. Таму ў будучыні знешнія сродкі павінны быць у форме інвестыцыяў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі