Прамысловы выпуск вакцыны ў Беларусі плануюць пачаць у канцы сакавіка

Вакцына "Спутник V" з пробнай беларускай партыі / БЕЛТА
Вакцына "Спутник V" з пробнай беларускай партыі / БЕЛТА

Прамысловы выпуск расійскай вакцыны "Спутник V" на беларускай лініі "Белмедпрэпаратаў" можа пачацца ўжо у канцы сакавіка, заявіў у эфіры БТ міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

"Я думаю, што ў канцы сакавіка мы атрымаем серыю прамысловай вакцыны, якая будзе выпускацца ў нас", — сказаў ён.

Піневіч прызнаўся, што чакае "Спутник V" беларускага разліву, каб прышчапіцца.

"Я прышчапіўся б можа і цяпер. Але хачу прышчапіцца вакцынай, выпушчанай з нашай лініі", — сказаў ён.

Па словах міністра, вясной у Беларусі можа здарыцца трэцяя хваля захворвання на COVID-19. "Гэта звязана з хвалепадобнай практыкай эпідэміялагічнага працэсу — увесну заўсёды падлучаюцца вірусы грыпу і парагрыпу", — патлумачыў ён.

Але Дзмітрый Піневіч разлічвае, што вострай сітуацыі не будзе. Па-першае, таму што каля 40% насельніцтва краіны прышчэплены ад грыпу. Па-другое, таму што зачыненыя межы, менш пасажырапаток — менш магчымасцяў для цыркуляцыі вірусаў. Ва ўсякім выпадку новых штамаў, па словах міністра, у Беларусі пакуль не выяўлена — ні брытанскага, ні паўднёваафрыканскага.

Напярэдадні спецыялісты СААЗ паведамілі, што разлічваць на фарміраванне калектыўнага імунітэту ў гісторыі з каранавірусам не варта. І адзіным рашэннем можа быць маштабная вакцынацыя. У Беларусі з сярэдзіны студзеня пачалі прышчэпліваць лекараў — для гэтага выкарыстоўваюць расійскую вакцыну "Спутник V". Адначасова ідзе праца над арганізацыяй выпуску вакцыны ў Беларусі — у канцы мінулага тыдня на пляцоўцы "Белмедпрэпаратаў" былі зроблены першыя валідацыйныя серыі "Спутник V". Пасля вывучэння іх стабільнасці ў Беларусі павінны прыступіць да прамысловай вытворчасці гэтай вакцыны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі