“Пранацысцка-пратэставыя”: серыйны скаржнік накінуўся на краму за БЧБ-сцягі
У Гродне краму сувеніраў “Адметнасць” абавязваюць даць тлумачэнні наконт продажу бел-чырвона-белай сімволікі. Так упраўленне гандлю і паслуг мясцовага гарвыканкама адрэагавала на скаргу жыхара вёскі Бігосава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці А. Кавалёва. Ён цікавіцца, чаму ў краме прадаюцца “акупацыйная бел-чырвона-белая сімволіка” і “пранацысцка-пратэставыя бел-чырвона-белыя сцягі”.
“Гэта вельмі цяжкае абвінавачанне. Гэта нават можна лічыць распальваннем варожасці. Гэта нічым не падмацавана, гэта толькі меркаванне гэтага чалавека. Нідзе гэта не забаронена. На ўсё тое, што мы прадаём, ёсць дакументы”, — расказвае Еўрарадыё Вольга Верамеенка, уладальніца крамы.
Гарвыканкам просіць уладальнікаў крамы даць пісьмовыя тлумачэнні “з прыкладаннем дакументаў”. “Я не разумею, якіх дакументаў? Я не бачу ніводнага пытання, на якое трэба адказаць, ні ад выканкама, ні ад гэтага чалавека, — працягвае Верамеенка. — Будзем нешта думаць. Можа, удакладнім у супрацоўніц аддзела гандлю, што ад нас хочуць”.
Прадпрымальніца дадае, што не ведае заяўніка скаргі, і сцвярджае, што за ўсе два з паловай гады працы ў яе не было ніводнага скандалу з пакупнікамі. Гэта значыць, А. Кавалёў, найхутчэй, зайшоў у краму, пабачыў БЧБ-сімволіку і, нічога не сказаўшы, адправіў скаргу ў выканкам.
Хто так робіць?
Аказваецца, Аляксандр Кавалёў — серыйны аўтар скаргаў на БЧБ-сімволіку. Так, ёсць і такія! За апошні час ён напісаў пяць розных скаргаў на бел-чырвона-белую сімволіку, прычым сярод іх ёсць скарга на заўзятараў маскоўскага “Спартака”. Шмат зваротаў прысвечаныя сэнсу і паходжанню лозунга “Жыве Беларусь!”.
Але гэта не ўсё. Аляксандр Кавалёў — аўтар петыцыі на change.org з просьбай правесці імпічмент Аляксандру Лукашэнку і ўсталяваць у Беларусі парламенцкую рэспубліку. Таксама ён склаў электронны зварот у Палату прадстаўнікоў пра адмену тэхагляду. А ў сваім блогу ён піша: “Сегодня можем сколько угодно обвинять друг друга — милиция граждан, граждане милицию, тем более стравливание — это путь в никуда. Выход только один — перевод всех без исключения на законные рельсы, и последняя легитимная Конституция у нас образца 1994 года. И президентский срок Лукашенко давным давно вышел за рамки Закона, и его Указы давно вне Закона”.
Што прымушае Кавалёва пісаць усе гэтыя скаргі і звароты? “Людзі блытаюць паняцці ўлада і Радзіма, і акрамя пытанняў да ўладаў не менш пытанняў да БЧБ-дзеячаў”, — адказвае ён Еўрарадыё.
Мы запыталіся, як жыхар Бігосава апынуўся ў гродзенскай краме “Адметнасць”, на якую напісаў сваю апошнюю скаргу. І ці быў ён там увогуле? Кавалёў сказаў, што жыве ў Мінску, але прамога адказу ўнік: скінуў спасылку на свой блог з прыпіскай “дзіўныя пытанні, калі кажаце, што чыталі мой блог”.
Уладальніца “Адметнасці” Вольга Верамеенка не выключае, што падасць на Кавалёва ў суд за галаслоўныя абвінавачанні. Але пакуль што не ўпэўненая, што будзе гэта рабіць: “Гледзячы на апошнія суды ў нашай краіне, складана на нешта спадзявацца”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.