Прарасійскі сайт распавёў пра "расстрэльныя спісы" беларускіх чыноўнікаў

Прарасійскі сайт распавёў пра "расстрэльныя спісы" беларускіх чыноўнікаў

Апазіцыйныя арганізацыі ў Беларусі і недзяржаўныя СМІ нібыта складаюць свае "расстрэльныя спісы". Пра гэта ў раздзеле "Блогі" на сайце "Витьбич" піша Андрэй Коршунаў. 

Аўтар прыводзіць пералік тых, хто складае такія "спісы": "Напэўна, у кожнай апазіцыйнай арганізацыі ў Беларусі маюцца свае "расстрэльныя спісы": у АГП свае, у "Гавары праўду!" свае, у БНФ свае. Калі па іх "светлых надзеях" зменіцца ўлада, тады, магчыма, яны аб'яднаюць гэтыя спісы. Больш за тое, дадзеныя спісы вядуць і незалежныя СМІ ў РБ, такія як ТУТ.бай, БелСат, "Наша Ніва", "Хартыя'97", "Беларускі партызан", Еўрарадыё і г.д. Цалкам дапускаецца, што "расстрэльныя спісы" маюць агульную базу і знаходзяцца яны не ў мінскіх офісах, а за мяжой пад сакрэтным наглядам заходніх спецслужбаў"

На думку аўтара, у такія спісы ўключаюць чыноўнікаў усіх абласцей — ад мэраў да старшыняў калгасаў, а таксама прадстаўнікоў бізнэсу, праваахоўных органаў, спецслужбаў "і нават супрацоўнікаў ДАІ".

Аўтар нават называе канкрэтныя імёны людзей, якія нібыта складаюць "расстрэльныя спісы" ў рэгіёнах: "Гэтыя актывісты, хто вядзе "расстрэльныя спісы", ёсць ва ўсіх рэгіёнах. Напрыклад, у Брэсце гэта Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў, у Гомелі — Максім Філіповіч і прафсаюз РЭП, у Пінску — Алесь Рамановіч і Руслан Гусейнаў".

Спецслужбы, маўляў, ведаюць, пра такія "расстрэльныя спісы", таму перыядычна праводзяць ператрусы ў рэдакцыях недзяржаўных СМІ. 

Як адзначалася ў нядаўнім даследаванні Андрэя Елісеева з даследчага цэнтра EAST, сайт "Витьбич" з'яўляецца адным з найбольш агрэсіўных агітацыйных каналаў "рускага свету" ў Беларусі. За апошні час колькасць такіх каналаў істотна пабольшылася — даследчык налічыў блізу 40 сайтаў, якія ў той ці іншай ступені займаюцца прапагандай ідэяў "рускага свету".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі