"Прашу не сячы галаву": медыкі Ласіцкі і Краўчонак выступілі з апошнім словам

"Прашу не сячы галаву": медыкі Ласіцкі і Краўчонак выступілі з апошнім словам

1 лютага ў Мінскім гарадскім судзе з апошнім словам па “справе медыкаў” выступілі экс-намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі і былы галоўны лекар гарадской стаматалагічнай паліклінікі №12 Уладзімір Краўчонак. Абодвух судзілі за хабар, які яны бралі ад кіраўнікоў фірм, што пастаўляюць медабсталяванне.

У сваім апошнім слове Уладзімір Краўчонак папрасіў не адпраўляць яго ў калонію. Ён сказаў, што раскайваецца “ва ўсіх эпізодах сваіх супрацьпраўных дзеянняў, пра якія паведаміў дабравольна”.“Так, я згодны несці крымінальную адказнасць за свае дзеянні. Але прашу прызначыць мне іншае пакаранне замест пазбаўлення волі. Прашу ўлічыць яўку з павіннай, чыстасардэчнае прызнанне.., маю сумленную працу ў сферы аховы здароўя, наяўнасць дачкі-студэнткі, бацькоў у сталым узросце, за якімі патрэбны ўход. У маці ўчора здарыўся інсульт. Мая праца прынясе людзям больш карысці, чым маё знаходжанне за кратамі... Ёсць пагаворка: "Павінную галаву меч не сячэ". Прашу не сячы маю галаву”.

Ігар Ласіцкі ў сваім апошнім слове заявіў, што прызнае віну і “не збіраецца аспрэчваць ніводны эпізод”. “Выбачаюся перад судом за жаль да сябе. Складаныя жыццёвыя абставіны, прыём моцных прэпаратаў, незадавальненне працай у выніку ўнутранага канфлікту дазволілі аслабіць кантроль і асцярожнасць і дапусціць тыя злачынствы, якія я здзейсніў. Хачу, каб суд улічыў маё прызнанне, стан майго здароўя і заслугі ў сферы аховы здароўя, адзначаныя прэзідэнтам”.

Пракурор Юрый Шарснёў папрасіў пакараць Ігара Ласіцкага 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзіміра Краўчонка — 5 гадамі зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Шарснёў адзначыў, што абодва абвінавачаныя прызналі сваю віну, напісалі яўкі з павіннай ды супрацоўнічалі са следствам, кампенсавалі нанесеныя дзяржаве страты.

Прысуд па справе Ігара Ласіцкага і Уладзіміра Краўчонка агучаць 8 лютага.

Згодна з агучанымі матэрыяламі справы, сумы "ўзнагароджанняў", якія бралі Ласіцкі і Краўчонак, вар'іраваліся ад 300 рублёў да €15 000.

Былому намесніку міністра Ласіцкаму ставяць у віну ч. 3 арт. 430 КК РБ (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду).

У абвінавачанні фігуруе эпізод перадачы яму хабару ў $2000 ад Краўчонка — нібыта за дапамогу ва ўрэгуляванні пытання, звязанага з клінічнымі выпрабаваннямі новых зубных імплантатаў.

Ласіцкі прызнаўся, што ён выдаткоўваў атрыманыя грошы на лячэнне некрозу галоўкі тазасцегнавага сустава і аплаты вучобы сына ў БДМУ. Ад ліпеня 2018 года экс-намеснік міністра знаходзіцца пад вартай. 

Былога галоўнага лекара Краўчонка абвінавачваюць па двух артыкулах: чч. 2 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна, у асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) КК.

Краўчонак правёў у СІЗА 4 месяцы, а з кастрычніка 2018 года пераведзены пад хатні арышт, працуе стаматолагам у 7-й стаматалагічнай паліклініцы. У пачатку студзеня стала вядома, што Краўчонак заключыў дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве. Ён прызнаўся, што на атрыманыя грошы адпачываў з жонкай у санаторыі і за мяжой, а таксама аплачваў навучанне дачкі ў медуніверсітэце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі