Пратэстоўцы з палкамі акружалі ўрадавы квартал у Кіеве (відэа)
У чацвер некалькі тысяч чалавек — сотні "Народнай самаабароны" — зрабілі рэйд з Майдана Незалежнасці да Вярхоўнай Рады Украіны.
Як інфармуе УНІАН, пратэстоўцы з палкамі і шчытамі ў руках акружылі ўрадавы квартал па вуліцы Інстытуцкай, Грушэўскага і ў Марыінскім парку. Іх каля 3-4 тысяч чалавек.
Праваахоўнікі апынуліся ў акружэнні. Больш за тысячу сілавікоў знаходзіцца на вуліцах Шалкавічнай, Садовай, Інстытуцыкай, Ліпскай, Грушэўскага і Крэпасным завулку. Некаторыя з міліцыянтаў маюць агнястрэльную зброю.
Нагадаем, сёння праходзіць паседжанне Вярхоўнай Рады. Перад будынкам праходзіць мітынг прыхільнікаў улады.
Сайт liga.net дадае, што рэйд "Народнай самаабароны" быў папераджальным шэсцем да Вярхоўнай Рады. Пастаяўшы каля 10 хвілін, пратэстоўцы калонамі вярнуліся на Майдан і на вуліцу Грушэўскага. Мэтай сённяшняй акцыі было запатрабаваць, каб парламент разгледзеў магчымасць вяртання да Канстытуцыі 2004 года.
Фота — Reuters