Праваабаронца: Лукашэнка не выконвае бацькоўскія абавязкі
Магілёўскі праваабаронца Аляксандар Хамратаў абвінаваціў Аляксандра Лукашэнку ў неналежным выкананні бацькоўскіх абавязкаў. Нагодай для гэтага стаў распаўсюджаны ў СМІ відэасюжэт з паведамленнем пра тое, што Мікалай Лукашэнка працаваў на камбайне і намалаціў 5 тон збожжа. Паколькі камбайн — гэта аб’ект падвышанай небяспекі, праваабаронца бачыць у гэтым эпізодзе шэраг правапарушэнняў.
“У дзеяннях сына прэзідэнта я бачу прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, якія выявіліся ў кіраванні механічным транспартным сродкам без правоў на яго кіраванне”, — адзначыў праваабаронца ў сваёй першай заяве, накіраванай у МУС. Ён просіць правесці праверку па гэтым факце і ў выпадку пацверджання звестак, распаўсюджаных у СМІ, прыцягнуць да адказнасці асобу, якая не выканала абавязкі па выхаванні дзіцяці.
Таксама Хамратаў просіць вызначыць асобу, якая перадала права кіравання камбайнам 12-гадоваму дзіцяці, і прыцягнуць гэтага грамадзяніна да адказнасці па артыкуле 18.9 (парушэнне правілаў карыстання транспартным сродкам) КаАП. Магілёўскі праваабаронца таксама накіраваў запыт у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ён просіць растлумачыць, ці магчымы паводле заканадаўства аб працы допуск да работ на камбайне дзіцяці 12 гадоў, ці быў азнаёмлены падлетак з тэхнікай бяспекі і ці праходзіў інструктаж, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.