Праваабаронцы просяць выходзіць на акцыі. Чаму гэта важна менавіта цяпер

Праваабаронцы просяць выходзіць на акцыі. Чаму гэта важна менавіта цяпер

“Рэпрэсіі ў Беларусі дасягнулі ўзроўню 1937 года, калі людзям абсалютна ні за што прысуджаюць тэрміны па 5, 10, 15 год, — расказвае Еўрарадыё праваабаронца “Вясны” Зміцер Салаўёў. — Вельмі шкада, што ў Варшаве жывуць тысячы беларусаў, а на штотыднёвыя акцыі падтрымкі, якія праходзяць па нядзелях, ці акцыі да Дня правоў чалавека збіраецца нашмат менш людзей”. 

Па звестках праваабарончага цэнтра “Вясна”, па стане 7 красавіка ў Беларусі прызнаны палітычнымі вязнямі 1103 чалавекі. А паводле спісаў грамадскай ініцыятывы Dissidentby, 1357 беларусаў адбываюць свае тэрміны па палітычных матывах.

Праваабаронцы просяць выходзіць на акцыі. Чаму гэта важна менавіта цяпер
Ізалятар на Акрэсціна ў Мінску / Еўрарадыё

Колькасць палітзняволеных у Беларусі расце

Актывісты Dissidentby ужо даўно звяртаюць увагу на тое, што нявінных людзей, якія сядзяць па палітычных матывах, у турмах нашмат больш, чым прызнаных праваабаронцамі. У канцы сакавіка ў часе сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, на якой таксама прысутнічалі ўдзельнікі праекта Politzek.me і фонду “Краіна для жыцця”, яны зноў узнялі пытанне пра змены крытэру падліку і прызнання беларусаў палітзняволенымі. Таксама актывісты адзначылі, што цяпер дапамога палітзняволеным і іх сем'ям патрэбная як ніколі раней. 

Чаму менавіта цяпер, калі рэпрэсіі незадаволеных палітычнай сітуацыяй у Беларусі цягнуцца з лета 2020 года? Што гэтаму спрыяе і якія прагнозы можна зрабіць? 

Праваабаронцы просяць выходзіць на акцыі. Чаму гэта важна менавіта цяпер

“Лічбы пастаянна павялічваюцца, бо ўсё больш людзей трапляюць пад гэтыя палітычныя рэпрэсіі, — кажа Зміцер Салаўёў. —  Як праваабаронцы, мы спрабуем даведвацца пра іх. Заклікаем усіх дзяліцца з намі інфармацыяй, каб мы маглі і павялічваць спіс палітзняволеных, і дамагацца ад міжнароднай грамадзянскай супольнасці, каб прымаліся захады па іх вызваленні. І мы вітаем любыя крокі, якія сведчаць аб тым, што можа быць лепш”. 


Існаванне незалежнай краіны пад пагрозай

Праваабаронца кажа, што сёння Украіна дае надзею беларусам, што сітуацыя можа хутка палепшыцца. Але пакуль парушаюцца не толькі ўсе магчымыя правы грамадзян, але пастаўлена пад пагрозу права на існаванне самой незалежнай краіны. 

“За ўсю гісторыю сучаснай Беларусі такога ўзроўню рэпрэсій яшчэ не было, — працягвае суразмоўнік Еўрарадыё. —  Крымінальныя артыкулы проста прыдумляюцца, справы фальсіфікуюцца з нічога. З аднаго допісу чалавека на фэйсбуку можа ўзнікнуць адразу некалькі крымінальных спраў. Як яны там любяць, артыкул 130 — “распальванне варожасці”, а чалавек проста распавёў пра тое, што адбылося, і выразіў сваю занепакоенасць сітуацыяй”.

Праваабаронцы просяць выходзіць на акцыі. Чаму гэта важна менавіта цяпер
Аўтазак на Акрэсціна і беларусы, што чакаюць сваіх / Еўрарадыё

Дапамагчы можна нават за мяжой 

Чым можна дапамагчы палітзняволеным і іх сем’ям сёння? Ці падтрымліваюць беларусы сваіх за кратамі ва ўмовах, калі частка людзей пакінула радзіму, а шмат з тых, хто застаўся, знаходзяцца ў разгубленасці? “Барацьба працягваецца”, — упэўнена адказвае на гэтыя пытанні Зміцер Салаўёў. 

“Кожны беларус можа падтрымаць палітвязняў, — нагадвае праваабаронца “Вясны”. — Трэба абавязкова выходзіць на акцыі. Гэта вельмі важна рабіць пастаянна, каб праблема ўздымалася не ў нейкую дату ці раз на год, а кожны тыдзень. Я б заклікаў удзельнічаць, бо за мяжой гэта можна рабіць бяспечна”.

Праваабаронцы просяць выходзіць на акцыі. Чаму гэта важна менавіта цяпер
Акцыя ў падтрымку беларусаў у Варшаве / Еўрарадыё

На думку Салаўёва, чым больш людзей будзе ўдзельнічаць у беларускіх акцыях, тым большы шанц данесці да міжнароднай супольнасці, што праблема рэпрэсій у Беларусі нікуды не падзелася, яна існуе і трэба яе вырашаць. Таксама беларусы замежжа могуць звяртацца ў мясцовыя грамадскія арганізацыі, каб тыя даносілі да сваіх палітыкаў інфармацыю, якая датычыцца беларускага парадку дня. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі