"Правакацыя" — Шайгу ўпершыню пракаментаваў паход вагнераўцаў на Маскву

Вагнераўцы ў Растове-на-Доне / Reuters
Вагнераўцы ў Растове-на-Доне / Reuters

Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу ўпершыню пракаментаваў паход вагнераўцаў на Маскву. Ён назваў яго "правакацыяй".

"Гэтыя планы праваліліся перш за ўсё таму, што асабісты склад Узброеных сіл праявіў вернасць прысязе і воінскаму абавязку, — цытуе словы Шайгу ria.ru. — Правакацыя не паўплывала на дзеянні груповак войскаў. Вайскоўцы мужна і самааддана працягвалі вырашаць ускладзеныя на іх задачы".

"Мяцеж" стваральніка ПВК "Вагнер" Яўгена Прыгожына працягваўся 23-24 чэрвеня. Прыгожын быў незадаволены дзеяннямі міністра абароны РФ Сяргея Шайгу і кіраўніка Генштаба Валерыя Герасімава. Частка вагнераўцаў з цяжкай тэхнікай выйшла з акупаванай расіянамі тэрыторыі Украіны і заняла Растоў-на-Доне, іншыя некалькімі калонамі пайшлі на Маскву і спыніліся толькі ў 200 кіламетрах ад сталіцы. Па дарозе расійская авіяцыя наносіла ўдары па вагнераўцам, а яны наносілі ўдары па ёй (быў збіты самалёт і некалькі верталётаў). 

У выніку перамоваў, у якіх удзельнічаў Аляксандр Лукашэнка, Яўгену Прыгожыну паабяцалі спыненне крымінальнага пераследу ў Расіі за "мяцеж" і свабодны выхад для вагнераўцаў у Беларусь (для тых, хто на гэта згодны). Пасля гэтага паход на Маскву скончыўся і вагнераўцы развярнулі свае калоны.

З таго часу Шайгу маўчаў. Яго заява пра тое, што вайскоўцы расійскай арміі не патрымалі "мяцеж", не адпавядае сапраўднасці. Насамрэч вагнераўцы не сустрэлі супраціўлення ні ў Растове-на-Доне, ні ў абласцях, праз якія праязджалі па дарозе на Маскву. Да таго ж, ёсць звесткі пра допыты афіцэраў і генералаў, якія праводзяцца ўжо другі тыдзень. Дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца намеснік камандуючага аб'яднанай групоўкай войскаў РФ ва Украіне генерал Сяргей Суравікін, які супрацоўнічаў з ПВК "Вагнер".

Для вагнераўцаў у Беларусі будуецца, як мінімум, адзін вайскова-палявы лагер. Краіны ЕС, якія мяжуюць з Беларуссю, а таксама Украіна заклапочаныя з'яўленнем вагнераўцаў у РБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі